Пансіянат "Веснава"

Ураджэнец Бабруйска з Ізраіля прывёз падарункі ў пансіянат пад Глускам

У пансіянат “Веснава” для дзяцей-інвалідаў, што пад Глускам, з падарункамі прыехаў былы бабручанін, а цяпер жыхар Ізраіля Уладзімір Казінец.

Паводле госця, пра пансіянат яму і яго сыну Арану распавёў знаёмы. “Мы адразу захацелі, купілі дзецям гасцінцаў, падарункаў і прыехалі сюды, і вельмі задаволеныя гэтым” – цытуе Уладзіміра “Мястэчка Глуск”. Якія менавіта падарункі прывезлі ізраільскія госці – не паведамляецца.

Уладзімір нарадзіўся ў Бабруску і кажа, што родныя мясціны немагчыма забыць, нават жывучы далёка. Таму ён з задавальненнем прыязджае ў Беларусь і сёння вырашыў зазірнуць у Веснава. 

“Ужо 35 гадоў мы жывем у Ізраілі, сын мой нарадзіўся ў Ізраілі. І я прыехаў на радзіму пабачыцца з роднымі, вядома, па якім вельмі сумуем і доўга ўжо не бачыліся. І паказаць сыну Беларусь – вельмі любімую і прыгожую краіну. І нам захацелася зрабіць нешта добрае” – распавядае госць.

Ён адзначае, што ў яўрэяў ёсць такая прымаўка, што кожны чалавек, які выратаваў душу, як быццам выратаваў увесь свет. “Вось так я стараюся выхоўваць і сына свайго” – кажа дабрачынец.

Глускі дзіцячы сацыяльны пансіянат “Веснава” спецыялізуецца на аказанні сацыяльных, медыцынскіх і рэабілітацыйных паслуг дзецям-інвалідам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і асобам, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

← Усе навіны Магілёва