«У некаторых раёнах, дапусцім, у Быхаўскім, непачаты край работы наогул па навядзенні элементарнага парадку» – так у жніўні 2024 года Лукашэнка наказваў Аляксандра Кісялёва, узгодненага на пасаду старшыні Быхаўскага райвыканкама.
Парадак у Быхаве сапраўды наводзілі доўга. Але калі паглядзець, куды сыходзілі быхаўскія кіраўнікі і што прыходзіла ў раён узамен, карціна атрымліваецца не пра парадак, а пра тое, як раён разбураўся. І некалькі цікавых маршрутаў сыходзяцца ў адной кропцы – вёсцы Зацішша Магілёўскага раёна, дзе стаіць прыватны завод па вытворчасці газасілікатных блокаў.
Што з’язджала з Быхава
Андрэй Мікалаевіч Сядукоў працаваў кіраўніком справамі Быхаўскага райвыканкама. У студзені 2013 года ён ужо дырэктар ТАА «Газасілікат»: у гэтай якасці ён разам з генеральным дырэктарам Ігарам Рачыцкім вадзіў па цэхах міністра працы і сацыяльнай абароны. У раённай газеце мэта візіту была апісана проста – азнаямленне з вытворчасцю і кантроль за асваеннем выдзеленых сродкаў.
З прыватнага крэсла Сядукоў вярнуўся ва ўладу: намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама, намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама, а ў чэрвені 2020 года Лукашэнка ўзгадніў яго прызначэнне старшынёй Крычаўскага райвыканкама.
Крычавам Сядукоў кіраваў амаль пяць гадоў. Напрыканцы сакавіка 2025 года “губернатар” Исачанка публічна падзякаваў старшыні, які сыходзіў, за добрасумленную працу. Дзе Сядукоў цяпер, адкрытыя крыніцы не паведамляюць.
Што прыязджала ў Быхаў
Сустрачны маршрут прайшоў Сяргей Віктаравіч Грамыка. Да 2009 года ён узначальваў тое ж самае ТАА «Газасілікат», а ў 2009-м прыняў ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» – прадпрыемства, прадукцыя якога ў савецкія гады адпраўлялася з Быхава вагонамі.
Хто менавіта прыняў завод, з адкрытых даных вынікае кепска. Адзіная вышэйшая адукацыя, якую Грамыка пазначае ў сваім профілі ў LinkedIn, – Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, гады навучання з 2001 па 2007-ы, без спецыяльнасці і без кваліфікацыі. Шэсць гадоў завочна, дыплом атрыманы пад сорак гадоў, за два гады да прызначэння на флагман абласной харчовай прамысловасці. У тыя ж 2006-2007 гады ён значыўся спецыялістам у магілёўскай фірме – гэта значыць вучыўся без адрыву ад працы.
Пачатак выглядаў пераканаўча. У сакавіку 2011 года новы дырэктар дакладваў: таварнай прадукцыі на 26,8 мільярда рублёў, тэмп росту 151,5 працэнта пры заданні 146,2, больш за 80 новых найменняў вырабаў, экспарт – 4871,2 тубы кансерваў на 1,7 мільёна долараў, першыя пастаўкі ў ЗША. Рэцэптуры распрацоўвалі разам з акадэмічным цэнтрам па харчаванні і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання, і матэрыял так і называўся – «У садружнасці з навукай».
“Садружнасць” скончылася хутка. З 2014 года на завод пайшлі антыкрызісныя кіраўнікі, у ліпені 2019-га суд зацвердзіў план санацыі, у снежні 2022-га адкрыў ліквідацыйную вытворчасць. Агульная сума даўгоў – амаль 11,4 мільёна рублёў. Гэтую гісторыю мы разбіралі асобна. Маёмасны комплекс пайшоў з таргоў прыватніку.
Сам Грамыка, адначасова справаздачыўшы за «садружнасць» на заводзе ў Быхаўскім судзе, вярнуўся ў тую арбіту, з якой сыходзіў: у 2017-2019 гадах ён дырэктар ТАА «Дывідан Плюс» у вёсцы Навасёлкі – прадпрыемства з той жа групы, якое выпускае нятканыя матэрыялы. Чым займаецца Сяргей Віктаравіч сёння, адкрытыя крыніцы не паведамляюць.
Хто заставаўся на месцы
Дырэктары ў Зацішшы мяняліся, заснавальнік – не. Ігар Анатолевіч Рачыцкі (на фота ў цэнтры) прыйшоў у вытворчасць будаўнічых матэрыялаў з арміі: нарадзіўся ў 1962 годзе ў Беліцы, ГДР, скончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Палтаўскае вышэйшае ваеннае зенітна-ракетнае вучылішча.
З чаго пачынаўся бізнес, вядома з адзінага тэксту – даведкі пра прадпрыемства ў іміджавым даведніку «Лучшие люди», куды кампанію ўключылі ў 2013 годзе: стварэнне ТАА «Газасілікат» пачалося з рэканструкцыі ў 2007 годзе закінутага завода, год ішлі будаўнічыя работы і закуплялася абсталяванне, а ў 2009-м вытворчасць увялі ў строй.
Што гэта быў за завод, каму ён належаў і на якія сродкі выкупляўся, даведка не паведамляе – як і ўсе астатнія тэксты пра кампанію. Сама старонка з даведкай з сеткі ўжо выдаленая.
На сайце самой групы гісторыя пачынаецца інакш. У храналогіі прадпрыемства няма ні 2007 года, ні закінутага завода: першы радок – 2009-ы, пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю завод па вытворчасці газасілікатных блокаў. Далей па гадах:
- 2010-ы – інвестыцыйная дамова на лінію сухіх будаўнічых сумесяў;
- 2011-ы – закупка абсталявання і энерганасычанай тэхнікі;
- 2012-ы – цэх абліцовачнай цэглы і тратуарнай пліткі;
- 2014-ы – першы ветрапарк у аграгарадку Пудаўня Дрыбінскага раёна;
- 2016-ы – другі, у самім Дрыбіне.
Дзве рэкламныя версіі аднаго і таго ж пачатку разыходзяцца паміж сабой на два гады і на цэлы завод.
У дзелавым рэйтынгу «Ежедневника» за 2016 год Рачыцкі займае 187-е месца сярод двухсот паспяховых і ўплывовых бізнесменаў краіны. Там жа пералічаныя рэгаліі: ганаровы грамадзянін Магілёва, ордэн святога Кірыла Тураўскага II ступені, член Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў; у 2011 годзе да іх дадаўся дыплом Лукашэнкі як найлепшаму прадпрымальніку года. Намеснік дырэктара «Газасіліката» – дачка, Аксана Рачыцкая. У графе «персоны» ў яго пазначаныя Барыс Батура, былы кіраўнік Магілёўскай вобласці, і Віктар Шорыкаў, былы мэр Магілёва.
Актывы на той момант апісаны так:
- газасілікатныя блокі, каляровая цэгла і тратуарная плітка, бетон і раствор, здабыча пясчана-жвіровых сумесяў у Магілёўскім раёне;
- праект забудовы катэджамі прыгарада Магілёва;
- «Газасілікат Люкс» і ветрапарк у Дрыбінскім раёне;
- нерухомасць індывідуальнага прадпрымальніка: Віленскі рынак, гасцініца «Ліра» ў Магілёве, спа-салон «Красотка» ў Магілёўскім раёне;
- завод тэхнічных алеяў – вытворчасць рапсавага алею ў Чавусах.
За дзесяць гадоў пералік толькі вырас. Да яго дадаліся транспартная кампанія «Аврора Энэрджы», уласны пясчаны кар’ер, ТАА «Дывідан Плюс» у Навасёлках і прыватнае прадпрыемства «Базальтум».
Дзяржава групу ўвагай не абыходзіць. Рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» прадпрыемства значылася ўжо ў 2013 годзе – гэта вызваленне ад падатку на прыбытак, падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за ўчасткі. Тады ж асваенне выдзеленых сродкаў прыязджаў кантраляваць міністр працы і сацыяльнай абароны. У 2021 годзе Ігар Анатолевіч памёр.
Але яго пачынанні жывуць. У другім квартале 2026 года пры падтрымцы Банка развіцця ўведзены ў эксплуатацыю завод базальтавага ўцяпляльніка магутнасцю 400 тысяч кубаметраў у год – 89 працоўных месцаў і ўласная ветраэлектрастанцыя з 15 установак.
Што засталося магілёўскай глыбінцы
Парушэнняў у гэтай гісторыі няма. Прыватнік мае права наймаць дырэктараў, чыноўнік мае права сысці ў бізнес і вярнуцца, дзяржава мае права даваць ільготы і крэдыты.
Аднак нечаканыя кар’ерныя скачкі “плітачнікаў” Рачыцкага наводзяць на думку пра тое, што прыватныя і дзяржаўныя інтарэсы ў Магілёве часам пераплятаюцца ўжо занадта цесна. Два выпадкі могуць аказацца як чыстай выпадковасцю, так і верхавінай айсберга карупцыі.
Ну, а вынік па раёнах падбіваецца сам сабой.У Магілёўскага раёна – працуючая прыватная група з ільготамі і крэдытам дзяржаўнага банка. У Крычаўскага – былы старшыня, які прыйшоў праз тую ж групу. У беднага Дрыбінскага раёна – прыватныя ветракі. А ў Быхава – ліквідаваны кансервавы флагман краіны, прададзеная з таргоў маёмасць і наказ пра непачаты край работы па навядзенні элементарнага парадку.
Фота «Веснік Магілёва».
