Шматдзетны 50-гадовы магілёвец Віталь Паўлючэнка, які пайшоў забіваць украінцаў, знайшоў сваю смерць на расійска-ўкраінскай вайне.
Ненавіснік украінцаў
Віталь Паўлючэнка не выглядаў зусім ужо тыповым персанажам сярод беларусаў, якія за расійскія грошы паехалі ваяваць супраць Украіны. Крымінальнае мінулае, праўда, у яго было. Паводле інфармацыі BELPOL, у 2003 годзе ён разам з сябрам абакраў жанчыну ў Мінску, а ў 2015-м не здолеў прайсці міма камеры захоўвання ў адным з магілёўскіх гандлёвых цэнтраў.
Але ад многіх іншых расійскіх наймітаў Паўлючэнку адрознівала іншае. Мяркуючы з яго шматгадовай актыўнасці ў Telegram, на вайну ён мог пайсці не толькі дзеля грошай. Магілёвец задоўга да адпраўкі на фронт паслядоўна падтрымліваў расійскую агрэсію, паўтараў прапагандысцкія тэзісы і не хаваў нянавісці да Украіны.
У сакавіку 2022 года, каментуючы відэа беларускіх добраахвотнікаў, якія сталі на абарону Украіны, ён пісаў: «У Беларусі не атрымалася, газанулі туды… Там і памруць…»
Падчас баёў за Марыупаль Паўлючэнка ўжо разважаў, чаму расійскае войска не можа проста «разбамбіць увесь завод». Пасля расійскага ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску ён, услед за прапагандай, пераконваў сябе і суразмоўцаў, што да гібелі людзей нібыта датычныя самі ўкраінцы. Падобных допісаў – з абразамі Украіны, апраўданнем расійскага ўварвання і «рускім светам» – у яго перапісках засталося нямала.
Урэшце назіраць за вайной праз экран тэлефона Паўлючэнку перастала задавальняць. Прыкладна ў кастрычніку 2025 года ён сам апынуўся ў расійскім войску, але паваяваць прыйшлося нядоўга.
Ад пошуку чалавека да пошуку дакументаў
Апошнім месцам для яго стаў раён Пакроўска на Данеччыне. 23 снежня 2025 года Паўлючэнка з пазыўным «Пак» пайшоў на баявое заданне, а з 13 студзеня 2026 года лічыўся зніклым без вестак.
Спачатку яго шукала былая жонка Юлія Абрамовіч. Яна размяшчала паведамленні з імем, пазыўным і датай знікнення мужчыны. Пазней пытанне, дзе знаходзіцца Паўлючэнка, змянілася іншым. Жанчына ўжо толькі пытала, якія дакументы патрэбныя сям’і загінулага. «Былога мужа прызналі загінулым, засталося трое дзетак», – пісала яна.
Да адпраўкі ва Украіну Паўлючэнка не менш за дзесяць гадоў працаваў зваршчыкам у будаўнічай кампаніі «Стромінвест». Чым займаўся непасрэдна перад вярбоўкай, невядома. У тэлефонных кнігах знаёмых ён застаўся пад самымі рознымі імёнамі – ад звычайных «Віталь» і «Віталік Тэхнапрыбор» да «Пак Віталік» і красамоўнага «ПаўлючэнкаЗэкАднавокі».
Апошні вядомы след магілёўца ў інтэрнэце таксама атрымаўся даволі характэрным. У лістападзе 2025 года, ужо знаходзячыся на вайне, Паўлючэнка пісаў у Telegram-чаце эскортніц расійскага Благавешчанска. Абмяркоўваў дзяўчат і абураўся тым, што нават туды, на яго думку, нейкім чынам «пралезлі ўкраінцы».
Фотаздымак: “Наша ніва”
