дупляны камар

Рэдкія малярыйныя камары, выяўленыя ў Магілёве – вось што пра іх вядома

Знойдзены нядаўна ў Магілёве рэдкі від малярыйнага камара – дуплянога – здольны перадаваць ўзбуджальніка найбольш смяротнай трапічнай малярыі а таксама ліхаманкі Заходняга Ніла. Расказваем, што вядома пра гэты від і чаго варта асцерагацца магілёўцам.

У магілёўскім парку з’явіўся новы крывасмок, сустрэча з якім можа быць куды менш бяскрыўднай, чым звычайна чакаеш ад камара. Супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра (НПЦ) НАН Беларусі па біярэсурсах выявілі ў горадзе рэдкага дуплянога камара – Anopheles plumbeus.

Для Магілёўшчыны гэта новы від. У Беларусі яго знаходзілі і раней. Першыя такія выпадкі зафіксавалі яшчэ ў 1970-я гады ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Цяпер жа арэал камара, падобна, пашыраецца.

Назву “дупляны” ён атрымаў праз месца найбольш распаўсюджанага свайго размнажэння. Самкі адкладаюць яйкі пераважна ў дуплах дрэў, дзе назапашваецца дажджавая вада. Менавіта таму раней Anopheles plumbeus лічыўся хутчэй лясным жыхаром, які не надта часта перасякаўся з чалавекам.

Але камар паступова асвойвае гарады. У Магілёве яго лічынкі навукоўцы знайшлі ўжо не ў дупле, а ў старой аўтамабільнай пакрышцы, кінутай у парку і запоўненай дажджавой вадой.

Непрыемнасць такога суседства не толькі ў свербе пасля ўкусу. Anopheles plumbeus лічыцца адным з найбольш эфектыўных і небяспечных еўрапейскіх пераносчыкаў трапічнай малярыі Plasmodium falciparum.

Ёсць і яшчэ адна асаблівасць. З васьмі відаў малярыйных камароў, зарэгістраваных у Беларусі, многія ахвотней харчуюцца крывёю буйной рагатай жывёлы. Дупляны камар у гэтым сэнсе для чалавека значна менш прыемны сусед.

«Anopheles plumbeus, наадварот, характарызуецца параўнальна высокай ступенню антропафільнасці, г.зн. аддае перавагу харчавацца крывёю чалавека», – адзначаюць у НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Сам факт з’яўлення такога камара ў Магілёве, аднак, яшчэ не азначае, што ў горадзе пачалася ці непазбежна пачнецца малярыя. Каб камар перадаў інфекцыю, ён спачатку сам павінен атрымаць узбуджальніка ад заражанага чалавека. Але патэнцыйная магчымасць для такога ланцужка існуе: паводле навукоўцаў, штогод у Беларусі рэгіструюць каля дзесяці выпадкаў завознай малярыі.

І малярыя не адзіная небяспека, якую звязваюць з гэтым відам. Anopheles plumbeus можа быць пераносчыкам арбавірусаў, у тым ліку віруса ліхаманкі Заходняга Ніла.

Таму знаходка ў старой пакрышцы ў магілёўскім парку выглядае больш трывожнай, чым можа падацца. Камару, які некалі хаваўся пераважна ў лясных дуплах, для жыцця цяпер хапае і гарадскога смецця з невялікай колькасцю дажджавой вады. А значыць, і сустрэчы з людзьмі для яго становяцца ўсё больш верагоднымі.

Фотаздымак: ecoportal.su

← Усе навіны Магілёва