Сям'я Салаўёвых

Змова магілёўскіх медыяменеджараў: мы даведаліся жудасныя падрабязнасці

Генеральная пракуратура накіравала ў Міністэрства юстыцыі Польшчы запыт аб экстрадыцыі Дзмітрыя Салаўёва – заснавальніка 6tv.by і рэсурсу «Магілёўскі рэгіён». Да крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання ў пачатку жніўня дадалі яшчэ адзін артыкул: частку першую артыкула 357 Крымінальнага кодэкса – змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Узяцце пад варту санкцыянаванае.

Нам сталі вядомыя новыя, жахлівыя падрабязнасці.

Захопліваць уладу Салаўёў збіраўся не адзін, а «групай асобаў паводле папярэдняй змовы» – з Надзеяй Салаўёвай і Уладзімірам Лапцэвічам. Тэрмін, які следства адводзіць на падрыхтоўку замаху «на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку», – з жніўня 2021 года да цяперашняга часу. Геаграфія – Беларусь і замежжа, у тым ліку Польшча.

Цяпер пра склад групы. Надзея Салаўёва – жонка Дзмітрыя (на фота – уся сям’я захопнікаў), займаецца культурна-асветніцкімі праектамі і да сайтаў ніколі дачынення не мела. Уладзімір Лапцэвіч – журналіст 6tv.by, раней – БелаПАН, які ў 2020 годзе працаваў на пратэстах у Магілёве. Усё.

Новых абставінаў у справе пры гэтым не з’явілася. Пятнаццатага снежня 2023 года праграма «Все по делу» на канале «Беларусь 4 Магілёў» выйшла з сюжэтам пра тое, як праваахоўнікі «выкрылі чарговую экстрэмісцкую канторку».

Дачка «сенатара» і адначасова дырэктара КІУП «Інфармацыйнае агенцтва „Магілёўскія ведамасці“» Ірыны Петрусевіч – Віталіна Петрусевіч – называла Салаўёва заснавальнікам 6ТВ Беларусь і mogilev.media – і тут жа паведамляла, што ў жніўні дваццатага ён «не адсвечваў», а потым з’ехаў у Польшчу.

Трымаем абедзве фразы побач. У жніўні 2020 года заснавальнік выданняў «не адсвечваў» – гэта версія дзяржаўнага тэлебачання. З жніўня 2021 года ён кіруе змовай з мэтай захопу ўлады – гэта версія пракуратуры. Паміж двума сцвярджэннямі – год і ніводнага новага факта.

Затое той снежаньскі сюжэт заканчваўся абяцаннем. Праваахоўнікі даюць прававую ацэнку ўдзельнікам фарміравання, і іх спіс пашыраецца.

Абяцанне выкананае: за два з паловай гады спіс пашырыўся да жонкі заснавальніка.

Тлумачэнне прасцейшае, чым здаецца. Справа расце не таму, што следства нешта знайшло, а таму, што выданне нікуды не знікла. Яго блакавалі – яно змяніла дамен. Рэдакцыю прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем, за падпіску і рэпост у Беларусі пачалі заводзіць крымінальныя справы, частку журналістаў вымусілі з’ехаць, кагосьці пасадзілі, але mogilev.media не спыняў працу ні на адзін дзень. А ў апошнія месяцы да сайта дадаўся TikTok, які ўпэўнена набірае прагляды.

Хто менавіта ўваходзіць у каманду, у КДБ не ведаюць. Затое дакладна думаюць, што ведаюць іншае: Салаўёў, як заўсёды, у справе і паслядоўна прытрымліваецца пазіцыі, сутнасць якой вельмі простая: той, хто насамрэч захапіў уладу ў Беларусі і ўтрымлівае яе, ператварыўшы краіну ў паліцэйскую дзяржаву, павінен панесці заслужанае пакаранне.

Фота – mogilev.media.

← Усе навіны Магілёва