Раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» ў раздзеле «Рэклама і паслугі» прапануе размясціць артыкул, нататку або інтэрв’ю пра сваё прадпрыемства, тавар альбо паслугі – і не ў рэкламным блоку, а ў стужцы навін у рубрыцы «Грамадства».
Колькі гэта каштуе
Прайс уладкаваны паводле часу, які матэрыял правісіць на сайце. Для юрыдычных асоб: суткі – 22 рублі, тыдзень – 74,50, месяц – 148 рублёў. Асобная пазіцыя – «застанецца ў архіве», гэта значыць назаўсёды, за 169 рублёў. Фізічным асобам усё тое ж самае абыходзіцца роўна ўдвая танней: месяц – 74,80 рубля, вечнае захоўванне – 95,20. Аб’ём тэксту ў любым выпадку абмежаваны 3500 знакамі.
Для параўнання, звычайны банер на тым жа сайце каштуе юрыдычнай асобе 43 рублі ў месяц – утрая танней за артыкул. Розніцу чытач аплачвае даверам: банер ён распазнае як рэкламу, а тэкст у рубрыцы «Грамадства» – не.
Звярніце ўвагу і на саму логіку тарыфу. Цана залежыць не ад тэмы і не ад аб’ёму працы карэспандэнта, а ад таго, хто плаціць і як доўга матэрыял павінен вісець. Рэдакцыйныя тэксты знаходзяцца ў больш выгадным становішчы – іх не здымаюць праз суткі за нявыплату.
Як гэта выглядае на выхадзе
10 жніўня на сайце газеты выйшаў матэрыял пра тое, як выгадна сабраць дзіця ў школу ў краме «Марка»: тры акцыі, зніжка 20% на летні абутак, мінус 45% на дзве пары, зялёныя цэннікі са зніжкамі да 70%, сем фатаграфій і заклік зазірнуць у найбліжэйшыя дні, пакуль ёсць усе памеры. У гераінях – дзве сястры са шматдзетнай сям’і. Рубрыка – «У раёне» і «Грамадства». Пазнакі «рэклама» няма.
За тыдзень да гэтага той жа аўтар апублікаваў такі ж тэкст пра Mark Formelle. Фармат пастаўлены на паток.
Што тут парушана, а што не
Прадаваць месца пад рэкламу газеце ніхто не забараняе, і прайс яна не хавае – ён ляжыць у адкрытым раздзеле сайта. Парушэнне не ў продажы.
Парушэнне ў тым, што аплачаны матэрыял выйшаў без маркіроўкі і ў грамадскай рубрыцы.
Закон «Аб рэкламе» №225-З наўпрост адносіць схаваную рэкламу да неналежнай – нароўні з недакладнай і неэтычнай. Нагляд у гэтай сферы вядзе МАРГ.
Заснавальнікі газеты – касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы савет “дэпутатаў”. Бюджэтнае выданне, створанае органамі ўлады, прадае сваю навінную стужку пад неразмечаную рэкламу па 148 рублёў за месяц.
Чытач газеты, убачыўшы добразычлівы тэкст пра брэнд, не меў ні найменшай магчымасці зразумець, што перад ім аплачаная публікацыя, а не пазіцыя рэдакцыі. Роўна для гэтага маркіроўка і існуе.
Тры варыянты, і ўсе нязручныя
З прайса, як такога не вынікае, што менавіта гэтая публікацыя аплачана па ім. Магчымых тлумачэнняў тры:
- Матэрыял аплачаны па прайсе. Тады гэта схаваная рэклама. Закон «Аб рэкламе» адносіць яе да неналежнай нароўні з недакладнай і неэтычнай, а нагляд у гэтай сферы вядзе МАРГ.
- Матэрыял не аплачаны. Тады бюджэтнае выданне, заснаванае раённым выканаўчым камітэтам, бясплатна рэкламуе камерцыйную гандлёвую сетку – пры тым, што для астатніх тая ж паслуга каштуе грошай і ляжыць у прайсе.
- Матэрыял аплачаны, але не рэдакцыі. Такі варыянт самы дрэнны але, паколькі паслуга існуе і мае цану, пытанне пра тое, ці праз касу прайшлі грошы, узнікае само сабой.
Давайце ж спытаем у рэдакцыі «Голас Касцюкоўшчыны» і райвыканкама:
- ці аплачвалася публікацыя пра краму «Марка» ад 10 жніўня? Калі так, кім і па якім рахунку?
- ці праходзіла аплата праз касу рэдакцыі і ці заключаўся дагавор?
- чаму матэрыял выйшаў у рубрыцы «Грамадства» без пазнакі «рэклама», калі размяшчэнне артыкулаў пра прадпрыемствы ў навіннай стужцы з’яўляецца платнай паслугай рэдакцыі?
- ці ведае заснавальнік, што навінная стужка выдання прадаецца пад матэрыялы пра камерцыйныя арганізацыі?
Адказы мы абавязкова апублікуем, бо гэта не дробязь. У рэдакцыі працуюць 14 чалавек, з іх сямёра творчых. Касцюковічы тут наўрад ці выключэнне: у Магілёўскай вобласці выходзіць 21 раённая газета, і ў кожнай публікуюцца рэкламныя матэрыялы з хітрым пралогам “карэспандэнт схадзіў і паглядзеў”.
Фота газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.
