Мікалай Статкевіч

Даныя аб ураджайнасці ў прыгранічных раёнах Магілёўшчыны засакрэчаны не выпадкова – Статкевіч

Мікалай Статкевіч апублікаваў эсэ пра жніво і, як заўсёды, трапіў у яблычак. Нават у Расіі, не самай прасунутай у аграрным сэнсе краіне, справы з ураджаем ідуць значна лепш.

Пра гэта напісаў “Саюз”

Сваё назіранне Мікалай Віктаравіч зрабіў яшчэ ў адзіночнай камеры, разбіраючы дзяржаўную прэсу. У дадатку «Саюз» да «СБ – Беларусь сёння» ён прачытаў, што ў Бранскай вобласці Расіі шырока выкарыстоўваецца пшаніца беларускай селекцыі і сярэдняя ўраджайнасць па вобласці – 80 цэнтнераў з гектара. У самой газеце, стаяла лічба па суседніх Магілёўскай і Гомельскай абласцях – каля 20. Розніца ў чатыры разы пры падобнай глебе, падобным клімаце, сваёй тэхніцы і адным і тым жа насенні.
Лічбы варта ўдакладніць: Статкевіч чытаў падшыўку двухгадовай даўніны. Разрыў з таго часу скараціўся, але нікуды не дзеўся.

Параўноўваем лічбы

21 ліпеня 2025 года на селектарнай нарадзе старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў, што вобласці трэба будзе ўбраць 342 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых без уліку кукурузы, грэчкі і проса, а сярэдняя ўраджайнасць на той момант – 31,4 цэнтнера з гектара. Лукашэнка ўдакладніў, ці дацягнуць да трыццаці пяці. Адказ быў станоўчы: хлеб у палях стаіць нядрэнны.
Бранская вобласць у тыя ж дні ішла з паказчыкам 64 цэнтнеры з гектара, а па выніках 2025 года узяла 66 – гэта на штогадовай нарадзе аграрыяў называў дырэктар дэпартамента сельскай гаспадаркі вобласці Сяргей Сіманенка.
Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы па Расіі ў гэтым сезоне – 41 цэнтнер, і Браншчына названая сярод чатырох рэгіёнаў-лідараў разам з Краснадарскім краем, Курскай і Калінінградскай абласцямі. У Старадубскай акрузе азімая пшаніца дае 77 цэнтнераў.
У выніку не ў чатыры разы, а ўдвая. Але ў гектарах розніца выглядае больш унушальна, чым у цэнтнерах: збожжавымі ў Бранскай вобласці занята амаль 200 тысяч гектараў – у 1,7 раза менш, чым на Магілёўшчыне. Меншая плошча дае большы вал.

Даныя па прыгранічных раёнах засакрэчаны

Параўнаць памежжа з памежжам не атрымаецца. З Расіяй у Магілёўскай вобласці суседнічаюць пяць раёнаў – Мсціслаўскі, Клімавіцкі, Хоцімскі, Касцюковіцкі і Краснапольскі. Ураджайнасць ніводнага з іх у абласных зводках не з’яўляецца. На 30 ліпеня пры сярэдняй па вобласці 29,4 цэнтнера назвалі толькі лідараў: Шклоўскі раён – 45,2, Кіраўскі – 43,3, Горацкі – 39,8. Усе тры далёка ад мяжы. Па Касцюковіцкім раёне 5 жніўня паведамілі працэнты і тоны і нават ураджайнасць рапсу, а ўраджайнасць збожжа не.
Адзіная лічба знайшлася ў табліцы перадавікоў раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК на сайце Хоцімскага раёна. На 11 жніўня лепшая гаспадарка самага ўсходняга раёна Беларусі, ААТ «Бабулін падворак», давала 25,0 цэнтнера з гектара, следам ААТ «Кастрычнік-Бярозкі» з 22,1 і ААТ «Хоцімскі Тэхнакомплекс» з 21,5.
Ад Хоцімска да Бранска сто пяцьдзясят кіламетраў. Там, дзе вобласці сыходзяцца ўпрытык, разрыў ужо не двухразовы, а бліжэй да трохразовага.

Уся справа ў кантралёрах

Статкевіч выказаў здагадку, што даныя па ўраджайнасці ва ўсходніх абласцях стала цяжка адшукаць не выпадкова. Праверыць гэтую версію няма чым, але сам факт пацвярджаецца: тоны публікуюць, працэнты публікуюць, перадавікоў публікуюць – цэнтнеры з гектара па прыгранічных раёнах засакрэчаны.
Сваю версію прычыны Мікалай Віктаравіч пабудаваў на тым, чаго ў Бранскай вобласці няма: там не вучаць хлебаробаў расціць хлеб з тэлеэкрана, не лётаюць над палямі і не вядуць бітваў за ўраджай.
Як гэтая канструкцыя працуе на месцах, паказаў рэйд у Клімавіцкім раёне. Абласная пракуратура аб’ехала тры гаспадаркі – ААТ «Племянны завод «Ціманава», ААТ «Раднянскі» і філіял «КлімАгра» ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў».
Сур’ёзных парушэнняў, якія ставілі б пад пагрозу жніво, не знайшлі. Знайшлі зламаны кандыцыянер у камбайне. Яго адрамантавалі прыкладна за чатыры тысячы рублёў.
У Чавускім раёне ўлоў мабільнай групы быў падобнага калібру: непадрыхтаваны склад для захоўвання збожжа, гаспадарцы даручылі ліквідаваць недапрацоўку.

Міліцыі таксама трэба скрасці

Кантралёраў вышэй за дах, а ўбіраць хлеб у Касцюковіцкі, Дрыбінскі і Бялыніцкі раёны 13 ліпеня выехаў зводны мехатрад з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – па даручэнні міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.
Але ж міліцыянеры таксама людзі і ўкрасці там, дзе крадуць усе пагалоўна, ім хочацца. Лукашэнка абурыўся тым, што супрацоўнікі праваахоўных органаў замест барацьбы з нясунамі ўваходзяць з імі ў долю і пакрываюць іх.
Кубракоў пасля нарады ўдакладніў: выяўлены два ўчастковыя інспектары, якія самі заключылі дамовы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і залівалі гаспадарчае паліва ва ўласныя аўтамабілі. Абодва звольнены. «З-за двух нягоднікаў сёння ганьба ўсёй міліцыі», – сказаў міністр.
Два ўчастковыя на ўсю краіну – лічба, у якую можа паверыць толькі сам Кубракоў. Добра, калі іх дзвесце-трыста.
І на адным з паверхаў гіганцкай піраміды кантролю салярка, як мы бачым, усё роўна сыходзіць на бок.

Кантралёрам трэба плаціць

Кожная з кантрольных структур існуе не бясплатна. У штаба ёсць старшыня, у мабільнай групы – чатыры ведамствы, у кожнага ведамства – кабінет, службовы аўтамабіль, камандзіровачныя і справаздача аб праведзенай працы. 

Механізатару, які намалаціў першую тысячу тон, налепку на камбайн уручаюць старшыня райвыканкама, дэпутат і прадстаўнік райкама прафсаюза, а канцэрт для яго дае раённы цэнтр культуры.
Усё гэта ўтрымліваецца з таго самага збожжа, якое дае 31 цэнтнер з гектара. Начальнік над полем – такі ж артыкул выдаткаў, як салярка, толькі ў справаздачнасць па сабекошце ён не трапляе.
Статкевіч пажартаваў, што крамлёўскія начальнікі над палямі не лётаюць: там цяпер небяспечна, могуць і збіць. Жарт аказаўся дакладнейшым, чым задумваўся. Над бранскімі палямі гэтым летам сапраўды лётае тое, што збіваюць, і паведамленні пра гэта ідуць у адных зводках з рэкордамі ўраджайнасці.
Над магілёўскімі палямі таксама пачалі лётаць, але самымі небяспечнымі і шкоднымі пакуль застаюцца палёты вертыкалі. Цэнтнераў ад іх удвая менш.

Фота з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва