Зайцаў

Рыцару плашча і кінжала Зайцаву бясплатна аддалі касцёл у Бабруйску

Найстарэйшы будынак Бабруйска – былы касцёл езуітаў у крэпасці – перайшоў у прыватныя рукі бясплатна. Дагавор аб бязвыплатнай перадачы Бабруйскі гарвыканкам падпісаў 30 верасня 2025 года, а ў сакавіку 2026 года Міністэрства культуры дазволіла новаму ўласніку, ТАА «Эйчэмсі груп», навукова-даследчыя і праектныя работы па аб’екце са змяненнем яго прызначэння. Афіцыйны адказ міністэрства апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына».
Умова ў здзелкі адна: рамонтна-рэстаўрацыйныя работы павінны быць выкананы да 30 верасня 2028 года. Калі тэрмін будзе сарваны, кампанія заплаціць гораду няўстойку ў памеры рэшткавага кошту маёмасці з улікам індэкса цэн. Гэта значыць гарантыяй аднаўлення помніка служыць цана самога помніка – каробкі без даху, якая прастаяла пад дажджом паўтара дзясятка гадоў.
Аддалі пры гэтым не шараговы аб’ект. Каменная базіліка ў стылі барока ўзведзена ў 1745-1747 гадах па праекце віленскага архітэктара Томаша Жаброўскага, комплекс уключаў калегіум, бібліятэку і тэатр. Гэта адзіная пабудова, якая засталася ў Бабруйску ад дакрэпаснога горада. Далей будынак выкарыстоўвалі ўсе, каму ён даставаўся:

  • у першай палове XIX стагоддзя, пры будаўніцтве Бабруйскай крэпасці, расійскія ўлады перабудавалі касцёл пад склад зброі, знеслі вежы і фігурны франтон галоўнага фасада;
  • у савецкі час унутры працавала гарнізонная гаўптвахта – яна закрылася толькі ў пачатку двухтысячных;
  • у 2011 і 2012 гадах будынак двойчы гарэў і застаўся без даху;
  • вясной 2025 года абвалілася сцяна паўночнай сакрыстыі.

Праз некалькі месяцаў пасля абвалу помнік і змяніў уласніка. «Эйчэмсі груп» звязана з бізнесменам Аляксандрам Зайцавым, чалавекам з блізкага кола Віктара Лукашэнкі; гэта ж юрыдычная асоба кантралюе турыстычнае агенцтва Explora.
Пад персанальныя санкцыі ЕС і ЗША Зайцаў трапіў яшчэ ў 2021 годзе, што не перашкаджае яго структурам трымаць у Мінску буцікі «Аўтлет парк» і гандляваць арыгінальным еўрапейскім люксам.
З будаўніцтвам касцёлаў у новага ўласніка адносіны даўнія. Праваслаўны па нараджэнні ўраджэнец Ружанаў некалькі гадоў таму перайшоў у каталіцтва і пачаў шчодра ахвяраваць на будаўніцтва новых касцёлаў у Беларусі.
У снежні 2022 года ён першым у гісторыі краіны стаў рыцарам папскага Ордэна Святога Рыгора Вялікага. Паводле звестак «Нашай Нівы», у гэтага кроку была практычная мэта – пашпарт Мальтыйскага ордэна, які дае бязвізавы ўезд у некалькі дзясяткаў краін: атрымаць яго можа актыўны каталік і мецэнат, але не праваслаўны.
Рэгаліі асвячаў арцыбіскуп Станеўскі. На цырымоніі ён сказаў, што не рыцар шукаў узнагароду, а «ўзнагарода шукала рыцара Аляксандра».
Менш чым праз тры гады ўзнагарода знайшла яго зноў – у выглядзе руін, якія трэба падняць за тры гады пад няўстойку памерам з кошт гэтых жа руін. Першае, што паспеў атрымаць новы ўласнік, – дазвол праектаваць былы касцёл пад што-небудзь іншае.
Разны кіёк персанаж Вайнераў Ручачнік насіў для самавітасці. Рыцарскі тытул Зайцаву – для рэпутацыі. Касцёл – ужо ў дадатак, бясплатна.
Фота “Наша Ніва”.

← Усе навіны Магілёва