У Мсціслаўскім раёне на тэрыторыі, якую разглядаюць як адну з магчымых пляцовак для пункта захавання радыёактыўных адходаў (ПЗРА), ужо працяглы час ідуць маштабныя земляныя работы. На гэта звярнула ўвагу рэдакцыя «Флагштока», якая параўнала спадарожнікавыя здымкі Sentinel за апошні год.
Гаворка ідзе пра пляцоўку ў раёне вёскі Ходасы. Паводле аналізу здымкаў, першыя прыкметныя змены на мясцовасці з’явіліся яшчэ ў верасні 2025 года, а найбольш інтэнсіўнымі работы сталі ў пачатку лета 2026-га. На апошніх даступных здымках бачна, што яны працягваюцца.
«Флагшток» сцвярджае, што на тэрыторыі расчысцілі расліннасць, засыпалі частку балкі ручая і змянілі рэльеф. На ўчастку плошчай каля 3,4 квадратнага кіламетра, паводле выдання, таксама маглі зняць верхні слой глебы. Асобныя работы заўважныя і там, дзе сустракаюцца суфазійныя правалы – характэрныя для гэтай мясцовасці паніжэнні рэльефу.

Аўтары расследавання мяркуюць, што такі маштаб работ можа быць звязаны з падрыхтоўкай пляцоўкі пад будучы пункт захавання радыёактыўных адходаў. Аднак гэта пакуль толькі версія: афіцыйнага паведамлення пра пачатак будаўніцтва ПЗРА менавіта ў Мсціслаўскім раёне няма.
Больш за тое, фармальна канчатковая пляцоўка яшчэ не вызначаная – грамадскія абмеркаванні праекта і экалагічная экспертыза яшчэ наперадзе. Канчатковае рашэнне па трох пляцоўках павінныя вынесці спецыялісты ў канцы 2026 года. Але кіраўніцтва арганізацыі БелРАА, што займаецца распрацоўкай магільніка, ужо пачало рыхтаваць насельніцтва і заявіла, што “большасць жыхароў Магілёўшчыны не супраць магільніка ў іх вобласці”.
Апроч Мсціслаўскага раёна, разглядаюцца тэрыторыі ў Астравецкім і Хойніцкім раёнах. У самім Мсціслаўскім раёне змены на спадарожнікавых здымках аказаліся найбольш маштабнымі. На двух іншых пляцоўках таксама ёсць высечкі і лакальныя земляныя работы, але іх характар па наяўных здымках не выходзіць за межы звычайнай нарыхтоўкі леса.
Калі журналісты патэлефанавалі ў мясцовы сельсавет у вёсцы Ходасы і спыталі, што адбываецца на гэтай тэрыторыі і што там будуць будаваць, у адказ проста кінулі слухаўку.
На загалоўным фота: Геалагічныя пошукі БелРАА ў сакавіку 2026 года. Мсціслаўскі раён. Фота: БелРАА
