Фантан

Арэлі з цвікамі і сухі фантан: што пракуратура знайшла ў Чавусах

19 жніўня пракуратура Чавускага раёна адчыталася аб праверцы добраўпарадкавання райцэнтра. Пачынаецца справаздача з дзяжурнай высновы аб тым, што пытанням добраўпарадкавання ў раёне надаецца дастатковая ўвага.
Далей ідзе пералік таго, што выслізнула з-пад увагі ўладаў.
Фантан у цэнтры горада разбураны і ўсё лета з-за няспраўнасці не працаваў, у лавак дэфекты. На дзіцячай пляцоўцы адламаныя сядзенні падвясных арэляў, дэфармаваныя апорная перакладзіна і мацаванне падвесу, з сядзенняў тырчалі цвікі.
Яшчэ далей – па вуліцах і дварах:

  • участкі дарог з ямамі і выбоінамі, якія патрабавалі неадкладнага рамонту;
  • парушэнні патрабаванняў да кантэйнерных пляцовак і іх санітарнага стану;
  • больш за дзесяць выпадкаў загрувашчвання вуліц, двароў і іншых зямель агульнага карыстання будматэрыяламі і староннімі прадметамі;
  • кінутыя і невыкарыстоўваемыя аўтамабілі ў жылых дварах;
  • два дамы з абваленымі сценамі і дахам, участкі вакол іх зараслі пустазеллем.

Тое, што панацягвалі ў двары самі жыхары, адказныя службы пакінулі без увагі. Пракурор унёс прадстаўленне ў райвыканкам.
Наводзіць парадак у райцэнтры тут заклікалі і раней. У сакавіку 2025 года райвыканкам звяртаўся да жыхароў з просьбай актыўна папрацаваць на добраўпарадкаванні: год быў абвешчаны Годам добраўпарадкавання, а прыгажосць вуліц, тлумачылі жыхарам, ствараюць не толькі работнікі камунальных службаў.
Той заклік падпісваў ранейшы старшыня. Цяперашні, Сяргей Дарожкін, працуе ў Чавусах са студзеня: яго кандыдатуру ўзгаднілі 15 студзеня, і тады ён казаў, што, назіраючы за раёнам, бачыць «задумкі, якія трэба ўвасабляць у жыццё».
Пакуль у вобласці вырашаюць, якую частку Чавускага раёна перадаць суседняму Дрыбінскаму, пракуратура апісвае стан таго, што застаецца: фантан, арэлі, дарогі, двары. Пачынаць увасабляць задумкі Дарожкіну давядзецца з выцягвання цвікоў.

Фота Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

← Усе навіны Магілёва