Сям'я мянтоў

На “Сям’ю года” – у міліцэйскай форме. Глускі ўчастковы прывёз сям’ю на конкурс

Участковы міліцыі Глускага РАУС Сяргей Каранец палічыў, што для перамогі ў конкурсе “Сям’я года” дзяцей варта апрануць у міліцэйскую форму, а жонку ў сукенку ў выглядзе чырвона-зялёнага сцяга.

На раённых этапах конкурсу ў вобласці ўдзельнічалі 96 сем’яў. Да абласнога фіналу дапусцілі толькі шэсць – з Дрыбінскага, Магілёўскага, Глускага і Бялыніцкага раёнаў, а таксама Магілёва і Бабруйска. Сярод шасці фіналістаў абласнога этапу асабліва вылучалася сям’я старэйшага ўчастковага інспектара міліцыі Сяргея Каранца. Праўда, не столькі сямейнымі традыцыямі, колькі візуальным увасабленнем таго, як сёння ўлады ў Беларусі разумеюць слова «патрыятызм».

Жонка Сяргея Аляксандра працуе намесніцай дырэктара школы па выхаваўчай працы. Разам яны выхоўваюць траіх дзяцей – сямі, пяці і трох гадоў. Да конкурсу сям’я падрыхтавалася грунтоўна. Жанчына выйшла на сцэну ў спецыяльна пашытай сукенцы ў чырвона-зялёных колерах дзяржаўнага сцяга з арнаментам. Завяршаў вобраз какошнік у той жа каляровай гаме.

А вось траіх малалетніх дзяцей бацькі апранулі ў парадную міліцэйскую форму, таксама пашытую спецыяльна для выступу. Так прафесія бацькі стала часткай сцэнічнага вобраза ўсёй сям’і, уключна з трохгадовым дзіцем. Але і гэтага ім, відаць, падалося недастаткова. Для большай пераканаўчасці на сцэне з’явіліся школьнікі глускай сярэдняй школы №1 – ужо ў вайсковай форме.

Аляксандра Каранец дадала да міліцэйска-вайсковай карцінкі выступ, прысвечаны «Году беларускай жанчыны», пасля чаго разам з мужам выканала песню «Любите Родину».

Так сямейны конкурс, удзельнікі якога мусілі паказаць свой побыт, захапленні, звычаі і традыцыі, у выкананні Каранцоў ператварыўся ў дэманстрацыю дзяржаўнай ідэалогіі – з міліцэйскай формай на дашкольніках, вайскоўцамі-школьнікамі і дзяржаўным сцягам у выглядзе сукенкі.

Без узнагароды такое старанне не засталося. Журы выдала Каранцам асобны дыплом «Патрыёты роднага краю». Праўда, у тройку пераможцаў сям’я міліцыянера ўсё ж не трапіла.

Трэцяе месца аддалі сям’і Гарачавых з Бабруйска, другое – Руцкіх з Бялынічаў. А пераможцамі сталі Баранавы з аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна. Менавіта яны 12 кастрычніка паедуць у Мінск прадстаўляць Магілёўшчыну ў рэспубліканскім фінале «Сям’і года».

Фотаздымак: ТГ Mayday

← Усе навіны Магілёва