Выявы львоў на кожным кроку ў Магілёве пачалі выклікаюць неразуменне – чым горад абавязаны гэтаму афрыканскаму зверу?
Магіляўчанка Алена Сматрыцкая выказвае незадаволенасць засіллем львінай тэматытыкі. “Прайшлася па цэнтры Магілёва. Усе вуліцы, асабліва Ленінская, у малюнках льва. Куды ні павярні галаву, на цябе глядзіць гэты звер. Ці не здаецца тым, хто навязвае нам гэты сімвал, падобнае распіярванне занадта дакучлівым, да месца і не да месца?” – задае пытанне жанчына ў тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”.
Паводле яе, галовы львоў ашчэрваюцца на вазонах, плакатах, стэндах, прадукцыі і іншых месцах. “У чым заслуга, адносна Магілёва, гэтага афрыканскага звера? Калі меркаваць, што Магілёў – Магіла льва, дык гэта нават жудаснаваты выбар для ўпрыгожвання абласнога цэнтра. А калі Магіла льва – гэта магіла разбойніка Машэкі, якога звалі львом, то непрыемныя асацыяцыі не памяншаюцца. Вось чаму запрудзілі зверам усё і ўся?” – пытаецца магіляўчанка, не бачучы сэнсу ў такім львіным засіллі.
Варта адзначыць, што версія паходжання назвы горада ад магілы, дзе пахаваны разбойнік Машэка – гэта толькі легенда, якую увасобіў у паэму “Магіла льва” Янка Купала. Ёсць версіі паходжання назвы ад імёнаў князёў альбо чалавека, які валодаў гэтымі землямі, ці старадаўняга значэння слова “магіла”, якім абазначалася не толькі пахаванне, але і ўкрыцце.
Што ж тычыцца львоў, то на тэрыторыі Беларусі яны вадзіліся толькі ў дагістарычную эпоху – каля 1-2 млн гадоў таму.
Нашэсце выяў львоў у Магілёве пачалося ў часы, калі Магілёўскім гарвыканкамам кіраваў Уладзімір Цумараў. Гэта было ў 2013 – 2022 гадах.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
