Жанчына, якая прыехала адпачыць у Магілёў і выхоўвае дзіця з ДЦП, апісала ў сацсетцы свой спуск да набярэжнай Дубравенкі: прыстойнага пандуса яна не знайшла і сцягнула каляску па звычайных прыступках, з ладнай трасянінай.
Каментатары пагадзіліся, што нармальнага з’езда тут не прадугледжана, і падказалі альтэрнатыўны варыянт. Але – ён на супрацьлеглым беразе ракі.
Спуск там сапраўды ёсць. Пандус залатаны цэментам без апалубкі і ляжыць няроўна, так што спусціцца па ім – асобны квэст.

Між тым набярэжную перараблялі пад ключ. У чэрвені 2025 года намеснік старшыні гарвыканкама Ігар Бушлякоў пералічваў, што ўваходзіць у праект рэканструкцыі:
- абноўленыя пешаходныя сувязі і лесвіцы;
- веладарожкі;
- новае асвятленне;
- скейт-парк, адкрыты годам раней;
- амфітэатр, які прапанавалі гарадскія архітэктары.
Пандуса ў гэтым пераліку няма ні асобным радком, ні ў складзе лесвіц.
Увосень таго ж года гарвыканкам рашэннем ад 25 верасня абвясціў конкурс на канцэпцыю афармлення адзінаццаці пешаходных мастоў – ад праспекта Міру да завулка Брамнага. Перамог архітэктурна-будаўнічы каледж: навучэнцы прапанавалі ўпісаць у масты беларускі арнамент, прысвяціць кожны мост асобнай легендзе і сабраць «экамасты» з галькі і сертыфікаванай драўніны. Дыпломы пераможцам уручаў старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў.
Астатняя гаспадарка набярэжнай выглядае адпаведна. Насыпная дарога да дзіцячай пляцоўкі і белай скульптуры сям’і размываецца дажджамі і ператвараецца ў бруднае месіва.
Грамадскіх прыбіральняў на ўсю зону адпачынку – шэсць біякабінак.
Пытанні да таго, як у горадзе разумеюць добраўпарадкаванне, у магілёўцаў назапашваюцца не першы месяц: незадаволенасць выклікае і засілле аднолькавых ільвоў, расстаўленых па вуліцах.
Адзінаццаці мастам прыдумваюць імёны, арнаменты і падсветку. Для спуска, па якім можна з’ехаць з каляскай, не прыдумалі пакуль нават ухілу.
Фота threads.com
