меліярацыя

У БелРАА адказалі на здымкі з-пад Мсціслава: работы былі, але гэта меліярацыя

Праз пяць дзён пасля таго, як на спадарожнікавых здымках каля вёскі Ходасы выявіліся маштабныя земляныя работы, тое, што адбываецца на мсціслаўскай пляцоўцы, патлумачыў дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Міхаіл Кісель. Зрабіў ён гэта 23 жніўня у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ.

Паводле яго версіі, пляцоўка пад Мсціславам з самага пачатку адрознівалася слабымі грунтамі: у дождж туды не маглі праехаць нават паўнапрывадныя грузавікі. Таму цяпер там працуюць мясцовыя прадпрыемствы – вядуць меліярацыю. Палявыя работы, прызнае кіраўнік БелРАА, вяліся, але гэта «не той аб’ём, які спрабуюць паказаць людзям».

Даследчыя работы на мсціслаўскай і хойніцкай пляцоўках, паводле яго слоў, завяршыліся ў ліпені, у Астравецкім раёне працягваюцца. Усе тры варыянты, сцвярджае Кісель, на цяперашнім этапе раўназначныя, а крытэрыі выбару ўключаюць не толькі інжынерную бяспеку на стагоддзі наперад, але і сацыяльную прымальнасць, гэта значыць меркаванне насельніцтва і наяўнасць працоўных рэсурсаў.

Такім чынам, сам факт работ на мсціслаўскай пляцоўцы дзяржаўнае прадпрыемства не адмаўляе.

Разыходжанне толькі ў іх тлумачэнні: спадарожнікавыя здымкі паказваюць расчышчаную расліннасць, засыпаную частку лагчыны ручая і зменены рэльеф на ўчастку каля 3,4 квадратнага кіламетра, БелРАА называе гэта меліярацыяй і падрыхтоўкай пад’ездаў. Праверыць, дзе заканчваецца адно і пачынаецца другое, па здымках немагчыма – для гэтага патрэбныя дакументы на земляныя работы і дамовы з тымі самымі мясцовымі прадпрыемствамі.

Істотна іншае: прыярытэтная пляцоўка фармальна не выбрана. Справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе толькі выносіцца на абмеркаванне, аналітычныя матэрыялы павінны пайсці ва ўрадавую камісію ў першым квартале 2027 года, і толькі пасля яе рашэння пачнецца архітэктурнае праектаванне. Пры гэтым меліярацыйныя работы на адной з трох раўназначных пляцовак ужо ідуць – а на дзвюх іншых, паводле даных даследавання здымкаў, нічога параўнальнага не адбываецца.

Тэрміны пры гэтым жорсткія: паводле стратэгіі пункт пахавання павінен быць пабудаваны да канца 2030 года, а першыя кантэйнеры з БелАЭС ён павінен прыняць да 2031-га. Абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння ў Мсціславе прызначана на 26 жніўня і пройдзе ў будынку райвыканкама; у Астраўцы такое абмеркаванне прайшло 20 жніўня, у Хойніках намечана на 10 верасня.

Паказальная і розніца ва ўзроўнях адказу. Калі журналісты патэлефанавалі ў сельсавет у Ходасах і спыталі, што будуюць побач з вёскай, там кінулі слухаўку. Тлумачэнне з’явілася праз пяць дзён – у рэспубліканскім эфіры, за тры дні да абмеркаванняў, на якія жыхарам Мсціслаўскага раёна давядзецца прыйсці з тымі ж пытаннямі.

Фота «Флагшток».

← Усе навіны Магілёва