На тыкток-акаўнце «Моладзь Быхаўшчыны» з’явілася відэа з раённага турыстычнага злёту: на вытаптанай паляне, перад шэрагам палатак, сінхронна танцуюць двое мужчын. Ніводзін з дваіх па фармальных прыкметах да моладзі не адносіцца.
Гэта намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саксонаў і кіраўнік спраў райвыканкама Віктар Храмянкоў.
Планка вызначана законам. Закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі» адносіць да моладзі грамадзян ад 14 да 31 года ўключна. Той жа верхні парог – у статуце БРСМ: членства ў саюзе моладзі заканчваецца на 31-м годзе.
Аляксандру Саксонаву – трыццаць чатыры.
Да Быхава ў яго была кар’ера ў маладзёжнай вертыкалі. Вясной 2022 года Саксонаў, тады дырэктар Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна, быў абраны першым сакратаром Магілёўскага абкама БРСМ. На момант абрання яму было 30 гадоў, статутны парог ён перасягнуў у сакавіку 2023 года – і яшчэ два з лішнім гады кіраваў абласной арганізацыяй саюза моладзі, будучы па ўзросце старэйшым за тых, каго ў яе прымаюць.
Віктар Храмянкоў, які з лета 2023 года узначальвае раённае аддзяленне партыі «Белая Русь», а па пасадзе курыруе справаводства, службу «адно акно» і раённы архіў, яшчэ старэйшы.
Працягнем узроставую вертыкаль. 30 жніўня Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 72 гады, ва ўладзе ён з ліпеня 1994 года.
Гэта азначае простую рэч: ніводзін чалавек, якога беларускі закон сёння адносіць да моладзі, не жыў у краіне пры іншым кіраўніку. Усе яны нарадзіліся ўжо пасля таго, як дзед заняў пасаду.
Атрымліваецца стройная канструкцыя: маладзёжную палітыку ў раёне прадстаўляюць 34-гадовы намеснік старшыні і кіраўнік спраў перадпенсійнага разраду.
Курыруе ўсю гэтую вертыкаль чалавек, які кіруе даўжэй, чым пражыў самы старэйшы з тых, каго ён называе моладдзю, а ўласна моладзь на турзлёце выконвае функцыю масоўкі. Танцуюць – начальнікі, фон – моладзь.
Фота скрыншоты відэа.
