Бутэлька

Ліст з 1977 года: бутэльку, кінутую ў Балтыку бабруйчанінам, прыбіла да берага праз паўстагоддзя

На востраве Насыпным у Калінінградскім заліве адпачывальнікі падабралі старую бутэльку з запячатаным лістом. Фатаграфіі знаходкі разышліся па сацсетках за суткі, а 23 жніўня 2026 года высветлілася, што ліст напісаў жыхар Бабруйска – у 1977 годзе, падчас тэрміновай службы на Балтыйскім флоце.
Папера за пяцьдзесят гадоў часткова намокла, але асноўны тэкст чытаецца.
Аўтар прадстаўляецца сяржантам тэрміновай службы, піша пра вайсковы побыт і звяртаецца да тых, хто калі-небудзь адкрые бутэльку.
Больш за ўсё яго займае не ўласны лёс, а чужы: якім будзе сяржант у 2000 годзе і што будзе ў гэтага сяржанта ўнутры. У канцы – просьба адказаць, калі ён да таго часу будзе жывы.
Разлік быў на тэрмін у дваццаць тры гады. Ліст ішоў пяцьдзесят – і адрасат, да якога ён звернуты, за гэты час паспеў састарэць.
Той 2000 год, пра які думаў салдат тэрміновай службы, даўно прайшоў і амаль забыўся; краіны, чыю форму ён насіў, няма ўжо трыццаць пяць гадоў; сяржанты, пра ўнутраны свет якіх ён пытаўся, сёння падыходзяць яму ў сыны, а некаторым ён падыходзіць у дзяды.
Сам адпраўнік жывы: пасля службы ён вярнуўся ў Бабруйск і жыве там дагэтуль. Завуць мужчыну Васіль Платонаў і ён бацька вядомага беларускага гульца ў настольны тэніс Паўла Платонава.

Фота threads.

← Усе навіны Магілёва