Толькі пасля ўмяшання пракуратуры работнікам прыватнай арганізацыі ў Магілёўскім раёне выплацілі заробак з красавіка па чэрвень гэтага года.
Заробак не выплочваўся цягам трох месяцаў 176 работнікам будаўнічай арганізацы. Акрамя таго, яшчэ сем чалавек звольніліся, але своечасова так і не атрымалі належны ім канчатковы разлік.
У выніку агульная запазычанасць прадпрыемства перад работнікамі перавысіла 384 тыс. рублёў.
Грошы знайшліся толькі пасля таго, як сітуацыяй зацікавілася пракуратура Магілёўскага раёна. Кіраўніку арганізацыі вынеслі прадпісанне з патрабаваннем выплаціць людзям заробкі і разлічыцца са звольненымі.
Пасля пракурорскага ўмяшання арганізацыя цалкам пагасіла запазычанасць перад работнікамі. Назву прыватнай кампаніі, якая тры месяцы карысталася працай амаль двух соцень чалавек, не выплачваючы ім заробкі, пракуратура традыцыйна не паведамляе.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура
