З 2 верасня па 1 кастрычніка у Магілёве праходзяць грамадскія абмеркаванні праекта ачышчальных збудаванняў на тэрыторыі ТАА «Новус Індустры» – прадпрыемства на праспекце Шміта, 55, якое выпускае драўняна-стружкавыя пліты, мэблю і гнута-клееныя дэталі.
Канчатковае рашэнне абяцаюць прыняць у лістападзе або снежні. Дакументы выкладзены на сайце Магілёўскага райвыканкама: фармальна пляцоўка лічыцца ў Вейнянскім сельсавеце, хоць паштовы адрас у яе гарадскі. Гэта былое ІЗАТ «ВМГ Індустры», магілёўскі завод літоўскага дрэваапрацоўчага холдынга VMG, які працаваў на «ІКЕА».
Цяпер прадпрыемства носіць назву «Новус Індустры», застаецца рэзідэнтам СЭЗ «Магілёў» і дае каля 13 працэнтаў прамысловай вытворчасці Магілёўскага раёна.
Гаворка ідзе пра дажджавую каналізацыю. Сёння ліўневы сцёк з 21 гектара тэрыторыі збіраецца ў рэзервуар на 1200 кубаметраў і паводле дамовы порцыямі сыходзіць у гарадскія сеткі водаканала.
Праект прапануе іншае: паставіць пяскабензамаслааддзяляльнік і модульную сістэму інфільтрацыі памерам 25 на 48 метраў, праз якую ачышчаная вада будзе сыходзіць проста ў грунт. Разліковы максімальны сутачны расход – 4752,57 кубаметра.
Лічбы ачысткі прыведзены ў справаздачы аб АУНА. На ўваходзе ўзважаных рэчываў 2000 міліграмаў на літр, у талым сцёку – 4000; нафтапрадуктаў 18 міліграмаў.
На выхадзе ў сістэму інфільтрацыі павінна быць 20 і 0,3 міліграма адпаведна.
Навошта гэта трэба, у справаздачы сказана наўпрост, і экалогія там не на першым месцы: скарачэнне эксплуатацыйных выдаткаў прадпрыемства на ўтылізацыю сцёкавых вод і прадухіленне трапляння ліўневых сцёкаў на гарадскія ачышчальныя збудаванні. То бок завод перастане плаціць водаканалу за прыём гэтай вады.
Пра суседства з могілкамі ў дакументах ёсць асобныя радкі. Пляцоўка мяжуе з санітарна-ахоўнай зонай ААТ «Магілёўхімвалакно», за якой ідзе дарога і Паўднёва-Усходнія (Лаўсанаўскія) могілкі; ад мяжы прамвузла да іх 380 метраў. Грунтавыя воды падчас пошукаў у студзені – сакавіку 2025 года выяўлены не былі, фільтруючыя грунты – дробныя і сярэднія пяскі.

Праз паўтара года працэдура пайшла па другім коле.
У раздзеле аб праектных рашэннях ёсць радок, які варта прачытаць разам з лічбамі па сцёках: работа ачышчальных збудаванняў прадугледжваецца без абслуговага персаналу, штатны расклад не мяняецца.
За тым, што менавіта сыдзе ў пясок у чатырохстах метрах ад могілак, будзе сачыць само абсталяванне.
Фота з адкрытых крыніц.
