шпіёны

Ініцыятыва Belpol раскрыла яшчэ двух лукашэнкаўскіх шпіёнаў, якія родам з Магілёва

У новым раследаванні інцыятывы Belpol распавядаецца аб двух лукашэнкаўскіх шпіёнах з Магілёва, якія працуюць у Азіі. Гэта Аляксандр Лебядзянцаў і Андрэй Бакуновіч.

Фільм “Шпіёны Лукашэнкі па ўсім свеце – новыя імёны / КДБ і ГРУ пад выглядам дыпламатаў” з’явіўся на YouTube. Гэта працяг ранейшага фільма “Шпіёны Лукашэнкі па ўсім свеце”, які быў апублікаваны ў траўні 2026 года. Той фільм тычыўся лукашэнкаўскіх шпіёнаў, якія працуюць у краінах Еўропы і ў ЗША. Новы распавядае аб іх сетцы ў іншых частках свету. “Мы паказваем гісторыі глыбока заканспіраваных прадстаўнікоў спецслужб, якія зрабілі кар’еру ў МЗС і змаглі заняць высокія дыпламатычныя пасады. А таксама раскрываем новых фігурантаў шпіёнскай сеткі рэжыму Лукашэнкі ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі”, – гаворыцца ў апісанні да новага фільму. 

Сярод выяўленых шпіёнаў – Аляксандр Васільевіч Лебядзянцаў, 1976 года нараджэння, і Андрэй Мікалаевіч Бакуновіч, 1973 года нараджэння. Абодва нарадзіліся ў Магілёве, служылі ва Упраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, а затым былі пераведзены ў цэнтральны апарат КДБ у Мінск. Прычым Бакуновіч – у 2007 годзе. Адносна Лебядзянцава ёсць удакладненне – ён служыў ва ўпраўленні знешняй разведкі цэнтральнага апарата КДБ. 

Лебядзянцаў дагэтуль зарэгістраваны ў Магілёве па вул. Якубоўскага, Бакуновіч – ужо ў Мінску па вул. Нёманскай. 

Аднак і надалей іх шпіёнскія лёсы застаюцца падобнымі. І Лебядзянцаў, і Бакуновіч афіцыйна займаюць пасады дарадцаў, якія курыруюць пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні. Толькі першы – у амбасадзе Беларусі ў Кітаі, а другі – у такой жа амбасадзе ў Сірыі. 

Лебядзянцаў шпіёніць пад дыпламатычным прыкрыццём з 2010 года. Раней спецыялізаваўся на еўрапейскіх дзяржавах. 

У сваю чаргу Бакуновіч займаецца шпіёнскай дзейнасцю за мяжой каля 15 гадоў, а пад дыпламатычным прыкрыццём – з 2013 года. Лукашэнкаўскі шпіён у Сірыі спецыялізуецца на дзяржавах арабскага свету і краінах заходне-азіяцкага рэгіёну. У яго абавязкі ўваходзіць падтрыманне афіцыйных кантактаў з мясцовымі органамі бяспекі.

Belpol абяцае працянуць свае расследаванні, якія ўскрываюць лукашэнкаўскіх шпіёнаў за мяжой, а таксама намераны пазнаёміць гледачоў з іншай канфідэнцыйнай інфармацыяй спецслужб беларускага дыктатара. 

Нагадаем, што ў першым фільме распавядалася пра магілёўца Дзяніса Мельнікава і бабруйчаніна Аляксандра Грыневіча, якія таксама выконваюць шпіёнскую працу пад дыпламатычным прыкрыццём у, адпаведна, Швейцарыі і Расіі.

Фотаздымак: Belpol

← Усе навіны Магілёва