26 жніўня у зале Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта прайшоў сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб’екце «Узвядзенне пункта пахавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў».
Мсціслаўскі раён – адна з трох пляцовак, якія разглядае дзяржава; дзве іншыя знаходзяцца ў Астравецкім і Хойніцкім раёнах.
Пра праект дакладвалі дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Міхаіл Кісель і намеснік галоўнага інжынера цепламеханічнай часткі «Белніпіэнергапрама» Андрэй Рыкаў – шматбар’ерная абарона, гарантыі бяспекі, маніторынг пасля ўводу ў эксплуатацыю.
Кісель асобна агаварыў, што адпрацаванае ядзернае паліва БелАЭС тут захоўвацца не будзе: паводле міжурадавага пагаднення яго вывозяць на перапрацоўку ў Расію. Сам аб’ект павінен быць пабудаваны да канца 2030 года і прыняць першыя кантэйнеры да 2031-га, месца пад яго спатрэбіцца каля квадратнага кіламетра.
Жыхары пыталіся пра ўзровень радыяцыйнага кантролю, пра здароўе цяперашняга і будучых пакаленняў, пра працоўныя месцы для мясцовых спецыялістаў. Адказы раённае выданне назвала вычарпальнымі.
Чаго ў справаздачы пра сход няма – дык гэта адраса. У дакументах АУНА мсціслаўская пляцоўка праходзіць пад нумарам 3-3, публічна ні БелРАА, ні праекціроўшчык месца не называлі.
Прабел запоўнілі журналісты «Флагштока» па слайдах прэзентацый самога БелРАА: паміж вёскамі Сычоўка і Валоўнікі, за 19 кіламетраў ад Мсціслава, побач працякае Белая Натапа – прыток Сожа.
Відэа з архітэктурна-планіровачнымі рашэннямі будучага магільніка БелРАА паказала яшчэ ў сакавіку, і ўжо тады да яго была тая ж прэтэнзія: базавыя параметры палігона не названы.
За тры дні да сходу, 23 жніўня, Кісель заявіў у эфіры СТБ, што ўсе тры пляцоўкі раўназначныя, а сярод крытэрыяў адбору – сацыяльная прымальнасць і наяўнасць працоўных рэсурсаў. Там жа ён растлумачыў, чым мсціслаўская пляцоўка адрознівалася ў 2024-2025 гадах: слабыя грунты, пасля дажджу туды не праходзілі нават паўнапрывадныя грузавікі.
Цяпер, паводле яго слоў, у Мсціславе меліярацыйныя работы вядуць мясцовыя прадпрыемствы. Палявыя даследаванні на мсціслаўскай і хойніцкай пляцоўках завяршыліся ў ліпені, у Астраўцы працягваюцца.
Канчатковае рашэнне прыме дзяржаўная камісія – пазней, калі скончацца экспертызы і абмеркаванні.
Пляцоўкі пакуль раўназначныя, але зямлю чамусьці сушаць толькі на адной.
Фота раённай газеты.
