Шклоўскі раён па прамым даручэнні Лукашэнкі робяць прыкладам для ўсёй краіны – па вытворчых паказчыках і па сацыяльных стандартах. Ніхто гэтага не хавае: фармулёўка пра даручэнне стаіць ва ўсіх справаздачах з прэс-тура 26 жніўня, які для гэтага і зладзілі.
Паказвалі вынік. Таварная ферма «Навасёлкі» ААТ «Новагарадзішчанскае» пасля рэканструкцыі ўтрымлівае шэсць тысяч галоў маладняку. На МТК «Стараселле» ААТ «Любінічы-Агра» пабудавалі склады для кармоў і прафілакторый для цялят.
У вёсцы Акунёўка два будынкі перарабляюць пад інтэрнаты на 50 месцаў: першы абяцаюць здаць да 1 кастрычніка, другі да 1 лістапада. У РУП «Шклоўскі райаграсэрвіс» увялі цэнтральную рамонтную майстэрню і плануюць СТА для легкавых машын і цэх па вытворчасці зуб’яў для барон і палявых дошак.
Плаціць за гэта ўпраўленне справамі Лукашэнкі. Дырэктар «Новагарадзішчанскага» сказаў наўпрост: ферма атрымала другое жыццё «дзякуючы дапамозе ўпраўлення справамі». Першае жыццё – закінутыя старыя будынкі і струхлелыя навесы.
Падрадчык на аб’ектах – ТАА «Дрыбінская СПМК № 1» з суседняга раёна. Яго дырэктар Сяргей Кокіц таксама хваліўся цесным супрацоўніцтвам з кіраўніцтвам упраўлення справамі.
Упраўленне справамі звычайна калгаснымі цялятнікамі не займаецца і спецыялізуецца на больш смачных аб’ектах. Тут яно займаецца імі таму, што раён выбраны паказальным, а не таму, што паказчыкі раёна гэтага запатрабавалі.
Да таго ж сёлета Шклоў прымае абласныя «Дажынкі», да якіх раёну па традыцыі будуюць аб’екты «ў падарунак».
Усё, чым раён выводзяць у перадавыя – адміністрацыйныя інструменты. Даручэнне дзеда замест эканамічнага разліку. Рыначнага механізму ў гэтым наборы няма ніводнага, і паўтарыць яго суседнія раёны не змогуць.
Сама па сабе прыхільнасць Лукашэнкі да Шклова – не таямніца.
Таямніцай застаюцца грошы. У што абыходзіцца краіне адзін, штучна створаны, узорны раён?
Фота раённай газеты.
