Варанцова

Актывісты Краснаполля зладзілі сапраўдны дзвіж. Бачны толькі ім самім

Краснапольская раённая газета «Чырвоны сцяг» расказала, як мясцовыя валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскім марафоне «ДОБРО.БЕЛ». Замест лічбаў – ацэнкі. Марафон названы «сапраўдным дзвіжам», уборка тэрыторыі храма – «больш маштабнай місіяй», суботнік прайшоў «зусім нядаўна» і заняў «пару гадзін», пасля чаго «двары заззялі чысцінёй», а «зялёныя зоны ўздыхнулі вальней». Завяршаецца тэкст указаннем на «бляск у вачах нашых валанцёраў».
З матэрыялу нельга даведацца ні колькі чалавек выйшла на суботнік, ні колькі двароў прыбралі, ні якога чысла гэта было, ні колькі вывезлі смецця. Не названы ніводзін удзельнік, акрамя першага сакратара райкама БРСМ Надзеі Варанцовай, якая дае каментар.
Між тым сам праект пабудаваны менавіта на падліку. «У кожнага ўдзельніка ёсць мэта і бачны вынік. – тлумачыць Варанцова. – Прыбраў пляцоўку, пасадзіў кветкі, дапамог бабулі – і твой унёсак фіксуецца ў “Смарт-білеце”». 

То бок улік вядзецца па кожным удзельніку і па кожным дзеянні – але ніводная лічба з гэтага ўліку ў публікацыю не трапіла. Акрамя сямі чалавек на фота.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва