Засяленне першакурснікаў у інтэрнат №2 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова стала нагодай для вялікага рэпартажу – з усмешкамі адміністрацыі, новай мэбляй і абяцаннем другога дома. У інтэрнаты ўніверсітэта сёлета засяліліся больш за 1100 беларускіх студэнтаў, каля 350 з іх першакурснікі.
Галоўная ж лічба ў расказе пра другі дом такая: за лета ў інтэрнаце амаль на 250 месцаў адрамантавалі адну душавую і замянілі падлогі ў 14 пакоях.
Гэта названа маштабнай працай па падрыхтоўцы жыллёвага фонду да новага навучальнага года.
Далей па тэксце той жа прыём паўтараецца столькі разоў, што перастае быць выпадковасцю. Спачатку прызнаецца сціпласць, потым яна перапрызначаецца ў годнасць.
Кожны студэнт забяспечаны ўсім неабходным, зусім як у дэпрэсіўнай песні гурта “Molchat doma”: вакенца, тумбачка і ложак. Эмаляванае судна, напэўна, таксама дзесьці знойдзецца. На паверсе жывуць больш за 80 чалавек, а кухняў там цэлых тры: адна цэнтральная і дзве бакавыя. Санвузлы, душавыя і ўмывальнікі агульныя, таму згаданы ў адным шэрагу з пакоем адпачынку, прасавальнымі дошкамі і пральняй, дзе акрамя машынак ёсць месцы для ручнога прання.
Па сутнасці справы хваліцца тут асабліва няма чым. Інтэрнат як інтэрнат. Прыкладна такім ён быў і ў 1975-м, калі гэтую ВНУ заканчваў Лукашэнка, а Уладзімір Высоцкі ўпершыню праспяваў сваю “Баладу пра дзяцінства” – аб калідорнай сістэме на Першай Мяшчанскай.
У рэпартажы БелТА з Магілёва той жа пасляваенны побыт пададзены як сённяшняе дасягненне.
Фота БелТА.
