З-за выказванняў цяпер ужо былога трэнера “Дняпра” Станіслава Суворава, фанаты не прыходзяць на матчы магілёўскіх футбалістаў.
Жнівеньскія матчы «Дняпра» прайшлі без звыклай падтрымкі актыўных фанатаў. Заўзятары абвясцілі байкот пасля выказванняў галоўнага трэнера Станіслава Суворава, які неўзабаве і сам пакінуў каманду.
Канфлікт пачаўся 8 жніўня пасля матчу ў Мазыры, дзе «Днепр» саступіў «Славіі». Пасля гульні Сувораў падзякаваў толькі «шчырым заўзятарам», супрацьпаставіўшы ім тых, хто, паводле яго, падтрымлівае каманду толькі час ад часу. У якасці прыкладу ён прывёў фанатаў «Баранавічаў», якіх назваў найлепшымі.
Магілёўскія ультрас адказалі па-свойму – проста перасталі прыходзіць на наступныя матчы і вывесілі расцяжку, адрасаваную трэнеру.
Сёння незалежны футбольны фан-рух у Беларусі існуе пад моцным ціскам сілавікоў. У Магілёве наведнікаў фан-сектараў здымаюць на відэа і ідэнтыфікуюць, іх сацыяльныя сеткі трапляюць пад увагу міліцыі, а перад уваходам на трыбуны заўзятары праходзяць пільны дагляд.
Таму папрок трэнера ў недастаткова рэгулярнай падтрымцы прагучаў у даволі спецыфічных умовах: каб сёння быць актыўным футбольным фанатам, аднаго жадання прыйсці на стадыён можа быць недастаткова.
Па выніках жнівеньскіх гульняў Станіслаў Сувораў падаў у адстаўку. Ці скончыцца разам з яго сыходам магілёўскі байкот, пакуль незразумела.
Фотаздымак: Tribuna.com
