Камунальнікі спілавалі тры здаровыя бярозы ў невялікім парку па вуліцы Першамайскай у Магілёве, чым выклікалі незадавальненне тамтэйшых жыхароў.
У Трэдс з’явілася відэа, дзе магілеўчанка з нікам alena_polonskay распавядае пра варварскае, на яе думку, спілаванне абсалютна здаровых дрэў і перспектыву знішчэння камунальнікамі бярозавага гая.
“Арганізацыя пад назвай ЖРЭУ проста бязлітасна прыехала і спілавала тры дрэвы. Абсалютна здаровых дрэвы без якіх-небудзь дакументальных пацверджанняў, што гэта можна і трэба зрабіць. Проста прыехалі і спілавалі тры дрэвы”, – усхвалявана распавядае жанчына.
Паводле яе, камунальнікі спаслаліся на тое, што гэта нібыта засохлыя дрэвы. Аднак на відэа бачны галінкі з зялёным лісцем і абсалютна не пасохлыя парэзаныя ствалы дрэў. Таксама свае дзеянні работнікі ЖРЭУ патлумачылі скаргай аднаго з жыхароў на нібыта стуканне ў яго вакно галінкамі.

Як сцвярджае магіляўчанка, пытанне спілавання дрэў уздымалася ўжо неаднаразова. “Дзесьці год таму мы ўжо частку нашага бярозавага гаю адстаялі. Нам таксама хацелі яго выпілаваць”, – узгадвае жанчына, просячы распаўсюдзець інфармацыю аб сітуацыі.
“Мы будзем змагацца за наш любімы сквер і не дазволім людзям крыўдзіць прыроду!” – рашуча кажа яна.

Скрышнот: threads.com/@alena_polonskay
