Ота Шміт

Дзень у гісторыі: 7 верасня. Панятоўскі абраны каралём. Помнік “Ў”. Дзень памяці О. Шміта, Р. Салея

Міжнародны дзень знішчэння ваеннай цацкі.

Адзначаецца ад 1988 году з ініцыятывы Сусветнай асацыяцыі дапамогі сіротам і дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі.

З ідэяй прапаноўваць дзецям абмяняць «ваенныя» цацкі на іншыя не звязаныя з вайной, гэта арганізацыя выступіла ў 1987 годзе. У яе знайшліся прыхільнікі, якія сталі штогод праводзіць акцыі па адмове ад ваенных забавак.

Сусветны дзень знішчэння ваеннай цацкі – гэта, найперш, нагода падумаць аб тым, якімі цацкамі і ўва што гуляюць дзеці.

1764 год. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Пры ім Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Тэрыторыя краіны была падзеленая між Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй.

У кастрычніку 1795 году па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі выракся каралеўскай пасады.

Паводле архіўных крыніц, для магілёўскай ратушы ў XVIII стагоддзі ў мясцовага мастака Пігарэвіча быў замоўлены ўрачысты партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

1885 год. Нарадзілася Палута Бадунова.

Дзяячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца.

Член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску, намесніца старшыні Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У лістападзе 1925 году Бадунова з Польшчы перабіраецца ў савецкую Беларусь. У 1937 годзе яе абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Спачатку адпраўляюць на 10 гадоў у лагеры, а ў 1938-ым расстрэльваюць.

Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году.

1919 год. Нарадзіўся Алесь Асіпенка.

Пісьменнік, сцэнарыст.

Працаваў галоўным рэдактарам часопісу «Маладосць», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», сцэнарнага аддзелу «Беларусьфільм».

Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцяў, сцэнарыяў мастацкіх фільмаў.

1956 год. Памёр ураджэнец Магілёва Ота Юльевіч Шміт

Матэматык, астраном, даследчык Арктыкі. Нарадзіўся ў Магілёве ў латышскай сям’і, выхоўваўся і навучаўся ў Кіеве.

З 1932 г. – начальнік Галоўнага ўпраўлення Паўночнага марскога шляху.

У 1939-1942 гг. – віцэ прэзідэнт Акадэміі Навук СССР, дырэктар Інстытута геаграфіі АН СССР, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар ​​Вялікай Савецкай Энцыклапедыі.

Яго імя носіць праспект у Магілёве.

Ота Юльевіч Шмідт

1958 год. Нарадзіўся Віктар Ганчар.

Палітык, правазнаўца.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году ўвайшоў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Па яго перамозе быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра. З гэтай пасады яго звольніў Лукашэнкам.

Ганчар уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. У 1995-ым абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання і стаў старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Не прызнаў вынікі рэферэндуму 1996 году і Лукашэнка зняў яго сваім указам з пасады старшыні ЦВК.

16 верасня 1999 году Віктар Ганчар знік у Мінску, разам са сваім сябрам – бізнесменам Анатолем Красоўскім.

Віктар Ганчар

1989 год. Памёр Анатоль Трус.

Актор. Народны артыст Беларусі.

Служыў у драматычным тэатры імя Якуба Коласа, выконваў ролі ў спектаклях «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Несцерка» Віталя Вольскага.

З 1943 году здымаўся ў кіно.

У яго гонар у Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка.

2003 год. Паставілі помнік літары «Ў».

Падзея адбылася ў Полацку на «Дзень беларускага пісьменства».

На помніку верш Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».

Літара Ў

2011 год. Загінуў у авіякатастрофе хакеіст Руслан Салей.

Першым з беларускіх гульцоў дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.

Гулец амерыканскіх «Анахайм Майці Дакс», «Фларыда Пантэрз», «Каларада Эвеланш», «Дэтройт Рэд Уінгз», яраслаўскага «Лакаматыва».

Руслан Салей

← Усе навіны Магілёва