гібель

У Магілёве за смерць стажора на каруселі адкажа 25-гадовая загадчыца парку

За гібель 18-гадовага хлопца на атракцыёне «Сальта» ў магілёўскім парку абвінавачанне прад’яўлена 25-гадовай загадчыцы парку атракцыёнаў – па артыкуле аб парушэнні правіл аховы працы службовай асобай, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць. Мера стрымання – падпіска аб нявыездзе. У маі фігурантам гэтай справы быў іншы чалавек.
Трагедыя здарылася днём 1 мая: юнак, якога следства называе кандыдатам на працаўладкаванне, кіраваў атракцыёнам без працоўнага дагавора, медагляду, навучання, стажыроўкі і інструктажу.
Пасля заканчэння цыкла ён не паставіў балансір з каруселлю на фіксатар і пачаў здымаць з пасажыраў засцерагальныя прыстасаванні. Груз зрушыўся, балансір пайшоў сам, удар прыйшоўся ў галаву.
Праз два дні Следчы камітэт распачаў справу супраць 56-гадовага дырэктара арганізацыі адпачынку і забаў – па артыкуле аб службовай халатнасці, якая пацягнула смерць.
У выніковым паведамленні следства дырэктара няма. Ёсць загадчыца, якая, паводле версіі УСК, «самастойна дапусціла» хлопца да працы на патэнцыйна небяспечным аб’екце, і ёсць прадстаўленне. Следчы накіраваў яго «ў адрас вышэйстаячай арганізацыі» – аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі злачынству.
За чатыры з паловай месяцы адказнасць спусцілася на адну прыступку ўніз: з дырэктара, які адказвае за тое, як арганізавана праца парку, на 25-гадовую загадчыцу, якая гэтую працу выконвае.
Тым жа, хто над дырэктарам, СК адправіў паперу.

Фота скрыншот відэа Следчага камітэта.

← Усе навіны Магілёва