У інтэрнаце на вуліцы Варашылава ў Краснаполлі ўвечары 5 верасня загарэлася столь у адным з блокаў на першым паверсе. Сігнал перадала сістэма апавяшчэння аб НС «Маланка», работнікі МНС патушылі агонь вогнетушыцелем. Пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не спатрэбілася.
Зводка ратавальнікаў займае чатыры радкі, васемнаццаць секунд відэа гавораць больш. Здымка з вуліцы: тры паверхі, суцэльны шэраг лоджый. Бетонныя агароджы лоджый у цёмных пацёках зверху данізу, фарба на сценах паміж імі аблезла плямамі, на балконных плітах – брудныя разводы.
Пры гэтым дом жылы: на вяроўках уздоўж лоджый вісіць бялізна, каля агароджаў складзены рэчы, на адной з лоджый прыадчынена акно. Гэта не расселены будынак, а абжыты інтэрнат, фасад якога яўна не бачыў рамонту не адзін год.
Каму належыць будынак, колькі ў ім жыве людзей і чаму гарэла столь – ні ў зводцы, ні ў перадруках няма.
Ёсць толькі кадры, пасля якіх уладам Краснаполля можна і без зводкі задаць пытанне: што здарыцца раней – рамонт ці наступны пажар.
Фота скрыншот відэа МНС.
