На значным участку алеі парку Падміколле, якая вядзе да пляжа, з 3 жніўня цалкам знікла вулічнае асвятленне. Ліхтароў уздоўж алеі шмат, але ніводзін з іх не ўключаны. Як толькі змяркаецца, людзі рухаюцца навобмацак, арыентуючыся на далёкія агні суседніх алей і гарадской забудовы.
Жыхар горада, які жыве непадалёк, расказаў, што ўжо тройчы тэлефанаваў у «Горсвет» і пяць разоў – у дыспетчарскую службу 115, але праблему так і не вырашылі.
Пры гэтым Падміколле застаецца адным з самых папулярных месцаў для вячэрніх прагулак: пакуль не наступілі халады, у парку шмат людзей. Яны катаюцца на веласіпедах, самакатах і дзіцячых машынках.
Пры гэтым і на цэнтральных алеях Падміколля, дзе асвятленне працуе, ліхтары гараць праз адзін – дзеля эканоміі.
Гэта, падобна, не мясцовая самадзейнасць, а дзяржаўная лінія. 3 лютага 2026 года Лукашэнка на нарадзе запатрабаваў скарэктаваць рэжым вулічнага асвятлення.
У тую ж ноч у Мінску і іншых гарадах ліхтары пагаслі, а Мінэнерга абвясціла пра новыя графікі – з прывязкай да ўсходу і захаду сонца і з выключэннямі толькі для школ, бальніц і пешаходных пераходаў. Мінскі аблвыканкам неўзабаве адсправаздачыўся аб эканоміі 84 тысяч кілават-гадзін за паўмесяца на сельскіх вуліцах.
Спецыялісты тады ацэньвалі эфект ад скарачэння асвятлення на гадзіну ў дзясятыя долі працэнта эканоміі – несупастаўныя з патэнцыйнай шкодай і нязручнасцямі. Дзед тады ўключыў «заднюю», але ў Магілёве яго ўстаноўкі жывуць, і кожны «Горсвет» цяпер сам вырашае, што лічыць лішнім.
Фота МогилевОнлайн.
