Штраф у 1350 руб. за прысабечванне спісанага аўтамабіля атрымаў былы механік медыцынскай установы ў Глуску.
Гісторыя пачалася яшчэ ў сакавіку 2024 года. ВАЗ-21214, які належаў установе аховы здароўя, спісалі праз нездавальняючы тэхнічны стан і стоадсоткавы знос.
Далей машыну даверылі механіку гаража. На працягу месяца ён павінен быў разабраць аўтамабіль, прыдатныя вузлы і дэталі паставіць на ўлік, непрыдатныя здаць у металалом, а нумарныя знакі і тэхпашпарт – у ДАІ.
Па даверанасці механік зняў ВАЗ з уліку. Але далей утылізацыя расцягнулася прыкладна на год: увесь гэты час аўтамабіль стаяў у гаражы медустановы.
У сакавіку 2025 года механік вырашыў лёс дзяржаўнай маёмасці ўжо па-свойму. Ён перагнаў ВАЗ у двор дома сваіх бацькоў, а пасля прадаў яго за 2400 руб. Усе атрыманыя грошы пакінуў сабе і патраціў на асабістыя патрэбы.
Справа дайшла да суда. Дзеянні былога механіка кваліфікавалі як крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сам мужчына ў судзе фактычна віны не прызнаў. Аднак чамусьці да вынясення прысуду нанесеную шкоду ён добраахвотна кампенсаваў. Гэта суд палічыў змякчальнай акалічнасцю. Абцяжарваючых не знайшлося.
У выніку за прысабечаны і прададзены ў аўтамабіль былы механік атрымаў штраф у 30 базавых велічынь (1350 руб.). Акрамя таго, два гады яму забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
