Кірыенка Аляксей

Магілёўца абралі сакратаром Каардынацыйнай рады Беларусі

Магілёвец Аляксей Кірыенка, які цяпер жыве ў Польшчы, 10 верасня 2026 года стаў сакратаром Каардынацыйнай рады (КР) Беларусі чацвёртага склікання.

У галасаванні прынялі ўдзел 63 дэлегаты рады. Было прапанавана тры кандыдатуры. У выніку Аляксей Кірыенка атрымаў 43 галасы (68,3%), Яўген Караулаў – 16 (25,4%), Дзмітрый Максімчык – 4 (6,3%).

Новы сакратар рэпрэзентуе Аб’яднаную грамадзянскую платформу. Калі ён ішоў на выбары ў КР увесну 2026 года, то заяўляў, што ідзе туды, “каб ціснуць на беларускія ўлады праз беларускія і міжнародныя інстытуты, набліжаць новую старонку ў гісторыі Беларусі, дзе яна ўстане на шлях дэмакратыі”. 

“Я прыехаў з Беларусі ня так даўно, але ня мог не заўважыць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія вымушаны былі з’ехаць. Таму другім важным пунктам будзе мая барацьба за правы беларускіх эмігрантаў, такіх жа як я сам. І таксама мае веды ў сферы адукацыі, у АйЦі сферы таксама маюць быць палезнымі на ўзроні беларускіх і міжнародных структураў. Жыве Беларусь!” – пісаў цяперашні сакратар.

Аляксей Кірыенка – айцішнік і былы настаўнік з Магілёва. У 2013-м скончыў Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.Куляшова, дзе вывучаў гісторыю і грамадазнаўства, наступныя два гады выкладаў гісторыю і англійскую мову ў вясковых школах.

Затым перайшоў у ІТ-сферу. З 2016 да 2020 года працаваў у прыватных кампаніях «АйЦі-Дата» і «Софтмайстар», у беларускім філіяле EPAM Systems. З 2024 года кіруе камандай для распрацоўвання рэкламных ролікаў да гульняў у Awem Games LTD.

Аляксей Кірыенка яшчэ з 2011-га падтрымлівае Абʼяднаную грамадзянскую партыю, цяпер ёсць дзейным сябрам палітрады АГП. Аляксей жанаты і выхоўвае дачку.

Да Кірыенкі сакратарыят КР ад самага пачатку яе ўзнікнення ў 2020 годзе ўзначальваў Іван Краўцоў з каманды Віктара Бабарыкі.

Фотаздымак: facebook.com/unitedcivilparty

← Усе навіны Магілёва