Каткавец

Кадры вырашылі ўсё: падымаць Краснаполле прыехала 66-гадовая пенсіянерка з саўгаса «Гарадзец»

Краснапольскі раён прымаў важную госцю – памочніцу Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці, пенсіянерку Надзею Каткавец. Разам са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Яфімчыкавым яна аб’ехала тры пункты: фізкультурна-аздараўленчы комплекс, рыбгас «Палуж» і малочнатаварны комплекс «Леніна». У ФАКу «абмеркавалі сацыяльную сферу», у рыбгасе «дэталёва вывучыла эканоміку вытворчасці», на ферме «пагутарылі з самім калектывам».
У Краснапольскім раёне адно сельгаспрадпрыемства – ААТ «Краснапольскі», у якое злілі ўсе былыя калгасы. Райвыканкам сам трымае яго ў пераліку неплацежаздольных арганізацый, фінансавае аздараўленне якіх «мяркуецца ажыццяўляць з прыцягненнем інвестараў». Інвестараў няма. Малочны комплекс «Леніна», дзе інспектар «удзяліла ўвагу тэхналогіям утрымання жывёлы», – яго падраздзяленне.
Рыбгас «Палуж» Каткавец назвала «аб’ектам стратэгічнага значэння»: там выконваюць даручэнне па павелічэнні вырошчвання рыбы для ўнутранага рынку.
Даручэнне свежае – у красавіку Лукашэнка асабіста разбіраўся ў Краснаполлі з рыбай і ўгнаеннямі, запатрабаваў ад Камітэта дзяржкантролю «па ўсёй краіне разабрацца і пасадзіць» і адначасова абразіў балтыйскіх суседзяў.
І вось праз пяць месяцаў у рыбгас прыязджае яго былая галоўная эканамістка і «дэталёва вывучае эканоміку».
Вывучай не вывучай, а пра «дабрабыт кожнага жыхара» Краснапольшчыны расказвае, сама таго не жадаючы, мясцовая раёнка.
У райцэнтры гаспадараць бадзяжныя сабакі. За тры дні да візіту Каткавец гарэў інтэрнат на вуліцы Варашылава – трохпавярховік з аблезлым фасадам, які не бачыў рамонту не адзін год. Вуліца Піянерская заасфальтаваная напалову, і другую палову адрамантуюць не раней, чым яна стане непраезнай.
У канцы інспекцыі Каткавец выдала рэзюмэ, годнае галоўбуха саўгаса: «працуем далей, каб кожны сектар эканомікі прыносіў карысць».
Кадры вырашаюць усё. У Краснаполлі іх вырашае 66-гадовая пенсіянерка, якая трыццаць пяць гадоў таму лічыла грошы ў саўгасе ў свайго цяперашняга патрона. Куды ўжо далей?

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва