Бібліобус

Бібліятэк удвая менш: па вёсках Магілёўскага раёна кнігі зноў возяць раз на месяц

Магілёўская раённая сетка публічных бібліятэк зноў выпусціла на маршрут бібліобус – мікрааўтобус са стэлажамі, сталом і крэслам для чытача і фондам у дзве з паловай тысячы кніг і часопісаў.
У яго 20 напрамкаў і 75 вёсак, у кожную ён заязджае раз на месяц; запісацца можна бясплатна, а калі патрэбнай кнігі няма, яе прывязуць наступным разам. Заявак з вёскі, паводле слоў намесніцы дырэктара Галіны Бондзікавай, шмат, і маршруты збіраюцца дадаваць.
Першы бібліобус пусцілі па раёне ў 2013 годзе. Праз дзесяць гадоў машына зносілася, і два гады вёскі сядзелі без кніг на колах.
Стацыянарных бібліятэк у раёне дваццаць – цэнтральная і дзевятнаццаць сельскіх, з іх сямнаццаць у аграгарадках. Вёска, у якой бібліятэкі няма, цяпер бачыць кнігі раз на месяц, на час стаянкі паводле раскладу.
Гэта не толькі пра адзін раён. У 2012 годзе, абвешчаным у Беларусі Годам кнігі, у Магілёўскай вобласці працавалі 518 публічных бібліятэк, з іх 428 сельскіх, а аддаленыя вёскі абслугоўвалі 603 бібліятэчныя пункты і 16 бібліёбусаў. Сёння аблвыканкам налічвае 294 бібліятэкі, з іх 236 сельскіх, а бібліёбусы працуюць у 16 раёнах і адзін у Бабруйску. За чатырнаццаць гадоў сетка скарацілася на 224 бібліятэкі, з іх 192 сельскія.
На той жа старонцы аблвыканкам нагадвае, адкуль сетка ўзялася: у 1920-я гады па вёсках Магілёўшчыны паўсюдна адкрывалі хаты-чытальні – для ліквідацыі непісьменнасці і палітычнай прапаганды.
Праз сто гадоў Лукашэнка адрадзіў вёску і вярнуў народу хату-чытальню, але ўжо без хаты: мікрааўтобус, стол, крэсла і расклад стаянак раз на месяц.

Фота МогилевОнлайн.

← Усе навіны Магілёва