Толькі зварот жанчыны ў прафсаюз прывёў да адмены адмовы яе мужу ў выхадзе на датэрміновую пенсію.
Непрызнаны пенсіянер
У красавіку 2025 года мужчыне споўнілася 58 гадоў. Значную частку жыцця ён адпрацаваў вальшчыкам лесу – прафесіяй з асаблівымі ўмовамі працы, якая пры неабходным спецыяльным стажы дае права раней выйсці на пенсію.
Аднак калі мужчына звярнуўся па яе прызначэнне, атрымаў адмову. Пры разліку неабходнага стажу яму не залічылі частку гадоў працы. У тым ліку ўзніклі праблемы з перыядам, калі ён працаваў вальшчыкам на прыватным прадпрыемстве, якое пазней было ліквідавана. Некаторыя іншыя перыяды выключылі са спецыяльнага стажу як «неатэставаныя».
Сам мужчына пасля адмовы фактычна змірыўся і працягваў працаваць. Паводле прафсаюза, ён ужо разлічваў дацягнуць да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Жонка, пенсія, грошы
Сітуацыя зрушылася з месца толькі ў ліпені 2026 года. Жонка вальшчыка звярнулася на прыём да прававога інспектара Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Дзмітрыя Мардачава.
Там пенсійную справу вывучылі нанова і засумняваліся, што першапачатковая адмова была абгрунтаванай. Прафсаюз абскардзіў рашэнне камісіі па прызначэнні пенсіі ў вышэйшай інстанцыі. Падчас паўторнага разгляду спатрэбіліся дадатковыя запыты ў архівы.
У выніку высветлілася, што спісваць частку працоўнага стажу ўсё ж не варта было. Першапачатковае рашэнне раённай камісіі адмянілі, а мужчыне прызналі права на датэрміновую пенсію.
Разам з правам раней выйсці на пенсію за мужчынам прызналі і права атрымаць грошы, якія ён недаатрымаў праз першапачатковую адмову. Выплаты пералічаць за перыяд з лютага 2025 года. Агулам мужчына павінен атрымаць больш за 20 тыс. рублёў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
