савецкія

Народ і партыя зноў адзіныя: у Магілёве за адзін дзень сабралі ўсю савецкую лесвіцу

У Музеі Славы Магілёўшчыны прайшла цырымонія ўступлення у акцябраты, піянеры і БРСМ, а «Белая Русь» тут жа ўручыла членскія білеты сваім навічкам. Мерапрыемства прымеркавалі да Дня народнага адзінства і правялі ў рамках акцыі «Вместе в будущее».
Памочніца Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці, піянерка-пенсіянерка Надзея Каткавец апісала тое, што адбываецца, без іншасказанняў: «проста дзеткі стануць акцябратамі, акцябраты пяройдуць у піянеры, піянеры стануць членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі».
Гэта і ёсць савецкая ідэалагічная лесвіца – акцябронак, піянер, камсамолец, партыя, – толькі з новымі шыльдамі на прыступках. Камсамол заменены на БРСМ, месца партыі займае «Белая Русь», білеты якой раздаваў старшыня абласнога «савета дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін.
Каткавец узгадала і ўласны шлях у камсамол: тады, паводле яе слоў, гэта было найвышэйшай мяжой мараў для школьніцы. Падобна, усе надзеі Надзеі спраўдзіліся – яна зрабіла галавакружную кар’еру. Праўда, не столькі дзякуючы камсамолу, колькі асабістым сувязям яшчэ з адным вядомым камсамольцам-добраахвотнікам.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва