Ураджэнец Бабруйска Леанід Логвін пайшоў наймітам ваяваць супраць Украіны, стаў калекай і цяпер лечыцца ў Беларусі.
З Бабруйска – у міждзяржаўны вышук
Да таго як стаць расійскім «ветэранам», Логвін меў значна менш гераічную біяграфію, распавядае “Наша ніва”. Ён нарадзіўся ў Бабруйску. У жніўні 2007 года ў родным горадзе супраць яго распачалі крымінальную справу за крадзеж. Мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, але парушыў яе і знік. Пасля гэтага беларускія праваахоўнікі абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук.
А Логвін тым часам асеў ва Украіне, піша “Цэнтр журналісцкіх расследаванняў”. Доўгі час ён жыў без рэгістрацыі ў Данецкай вобласці, а пазней на Херсоншчыне. Але праблемы з законам працягнуліся і там. У 2013 годзе на Харкаўшчыне жонка звярталася ў міліцыю праз учынены ім начны дэбош.
Асобная крымінальная гісторыя здарылася ў 2019 годзе ў Краматорскім раёне. Логвін жыў у знаёмага і скраў у яго дзве металічныя створкі гаражных варот вагой 73 і 79 кілаграмаў. Але на самім крадзяжы справа не скончылася. Бабруйчанін паспрабаваў прадаць гэтыя ж вароты іх уладальніку, не паведамляючы чалавеку, што прапануе яму заплаціць за ўласную скрадзеную маёмасць.
31 ліпеня 2019 года Красналіманскі гарадскі суд прызначыў Логвіну 100 гадзін грамадскіх работ.
Жонка-калабарантка
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну былая жонка бабруйчаніна Вера Логвін стала калабаранткай. У 2022 годзе, калі была акупаваная частка Херсонскай вобласці, яна ўзначаліла акупацыйную адміністрацыю сяла Фёдараўка. Вядомасць атрымала пасля таго, як дэманстратыўна разарвала перад камерай свой украінскі пашпарт.
11 чэрвеня 2025 года Новаваронцоўскі раённы суд завочна прызнаў яе вінаватай у калабарацыйнай дзейнасці. Веру Логвін прысудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці.
Вайна, калецтва, Беларусь
Сам Логвін у верасні 2024 года пачаў публікаваць у сацыяльных сетках свае фатаграфіі ў вайсковай форме. Прыкладна ў гэты час, паводле апублікаваных звестак, ён добраахвотна заключыў кантракт з расійскімі Узброенымі сіламі і адправіўся на вайну супраць Украіны.
Аднак ваяваць доўга не давялося. Ужо да ліпеня 2025 года Логвін страціў нагу і праходзіў лячэнне ў расійскім шпіталі.
Пасля гэтага расійская прапаганда пачала прадстаўляць яго як «ветэрана СВА». Акупацыйныя структуры аказвалі параненаму байцу і сацыяльную дапамогу. Сярод іншага паведамлялася, што ў яго двары прыбралі сухое галлё.
Больш не ў вышуку?
Цяпер рэабілітацыя Логвіна працягнулася ўжо на радзіме. Прычым расійскі фонд накіраваў яго не ў прыватную здраўніцу, а ў «Вяжуці» – санаторый, які падпарадкоўваецца беларускаму Міністэрству працы і сацыяльнай абароны.
Паводле расійскіх паведамленняў, там прымаюць і іншых удзельнікаў вайны з акупаванай часткі Херсоншчыны, а таксама сем’і загінулых расійскіх вайскоўцаў. Рэгістрацыя на такую рэабілітацыю адбываецца праз расійскі фонд «Защитники Отечества».
Так біяграфія Леаніда Логвіна зрабіла амаль поўнае кола. З Беларусі ён некалі з’ехаў, хаваючыся ад крымінальнага пераследу, гадамі жыў ва Украіне, дзе зноў быў асуджаны за крадзеж, а пасля расійскага ўварвання пайшоў ваяваць супраць краіны, якая доўгі час была яго домам.
У Беларусь ён вярнуўся ўжо без нагі. І не да праваахоўнікаў, якія некалі абвяшчалі яго ў міждзяржаўны вышук, а на аздараўленне ў дзяржаўны санаторый.
Фотаздымак: Вгору
