Зарэсце

Магілёўскі раён: жыхары напісалі ў Мінск пра дарогу да могілак – ім адказалі, што могілак 213

Жыхары Сухараўскага сельсавета Магілёўскага раёна паскардзіліся ў Мінск – у адміністрацыю Лукашэнкі і Савет Рэспублікі – і атрымалі ў адказ сустрэчу ў вёсцы Зарэсце.
Па даручэнні «губернатара» прыехалі старшыня абласнога «савета дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі і кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама і райвыканкама.
Сяляне гаварылі пра добраўпарадкаванне, дарогі, службу 115 і ФАП.
Галоўнае пытанне – пад’езд да могілак у вёсцы Малое Бушкава. Старшыня раённага «савета дэпутатаў» растлумачыў, што ў раёне 213 грамадзянскіх могілак, з дарогамі да іх ёсць пытанні, але не ўсюды, а да Малога Бушкава, магчыма, проста не дайшла чарга.
Пра Зарэсценскі ФАП жыхары сказалі проста: фельчар перадпенсійнага ўзросту і абысці ўсе дамы не ў стане – просяць прыслаць каго-небудзь маладзейшага.
Мяркуючы па складзе чыноўніцкага дэсанту, свае пытанні жыхары Зарэсця паставілі рубам. А мяркуючы па фота, Гарошкін і Савіцкі не сустрэлі ў вёсцы звыклага ім адабрэння.
без адабрэння

Каб згладзіць вострыя вуглы, на сцэну выпусцілі начальніцу галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Кацярыну Музычэнку.
Яна ні да сяла ні да горада нагадала, што ідзе абмеркаванне новых межаў Магілёўскага і Дрыбінскага раёнаў, дакументы выкладзены на сайтах выканкамаў і кожны ахвочы можа ўнесці прапановы.
Людзі пыталіся пра дарогу да могілак, прасілі дапамагчы з фельчарам, а Музычэнка ў адказ пляла пра межы. З такім поспехам магла б расказаць і пра гадзіннік за 12000 долараў на руцэ Віктара Лукашэнкі, які ён нядаўна засвяціў. Як доказ таго, што ў цэлым дабрабыт народа расце!

Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва