Пад’езд да зараднай станцыі “Malanka” каля гандлёвага цэнтра «Авеню» на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве перакрыты. На парковачных месцах каля ўсіх чатырох калонак складзены стосы тратуарнай пліткі. Ужо не першы тыдзень побач з гандлёвым цэнтрам перакладваюць тратуар, але плітка каля зарадкі ляжыць не таму, што да яе не дайшла чарга.
Кіроўцы электрамабіляў прыстасаваліся. Яны пад’язджаюць да калонак з супрацьлеглага боку, з праезнай часткі, і ствараюць аварыйныя сітуацыі.
Прычыну патлумачылі ў сетцы магазінаў «Перекресток», якая арандуе памяшканне побач. Паводле слоў яе прадстаўнікоў, паміж аператарам “Malanka” і гандлёвым цэнтрам ідзе юрыдычная спрэчка аб далейшым лёсе гэтай кропкі. Пакуль яна не завершана, пад’езд да калонак вырашылі закрыць – пліткай.
Хто і як будзе разбірацца з машынамі, якія заязджаюць зараджацца з дарогі, ніводны з бакоў спрэчкі не паведамляе.
Фота МогилевОнлайн.
