самаробная зброя

У дваіх вяскоўцаў на Магілёўшчыне знойдзена самаробная агнястрэльная зброя

У Клічаўскім і Дрыбінскім раёнах у тамтэйшых жыхароў выняты самаробная зброя і боепрыпасы.

Абодва ўладальнікі зброі, вырабленай саматужна, – пенсіянеры. Першая знаходка чакала супрацоўнікаў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў доме 60-гадовага жыхара Клічаўскага раёна. Там знайшлі прадмет, падобны на пісталет, і 23 патроны.

Экспертыза паказала, што гэта былі прыдатныя для стральбы заводскія малакаліберныя патроны калібру 5,6 мм. Пісталет жа аказаўся самаробным. Ён быў адназарадным і таксама цалкам прыдатным для стральбы.

Гаспадар патлумачыў паходжанне свайго арсенала даволі будзённа. Шмат гадоў таму, калі быў паляўнічым, патроны ён купіў, а пісталет зрабіў сам, каб страляць свіней.

У 73-гадовага жыхара адной з вёсак Дрыбінскага раёна гісторыя аказалася яшчэ больш даўняй. Эксперты таксама прызналі знойдзеную ў яго зброю самаробнай дульназараднай гладкаствольнай і прыдатнай для стрэлаў. Разам з ёй мужчына захоўваў 41 заводскі патрон калібру 5,6 мм. Пенсіянер расказаў, што пісталет зрабіў яшчэ ў 1990-я гады. Патроны, паводле яго версіі, знайшоў у лесе прыкладна 15 гадоў таму і з таго часу захоўваў дома. 

Але адной зброяй яго запасы не абмежаваліся. У мужчыны знайшлі яшчэ каля 300 грамаў бяздымнага пораху. Экспертыза вызначыла яго як прамысловае выбуховае рэчыва, прыдатнае для выбуху.

Цяпер паходжанне і захоўванне гэтых вясковых арсеналаў вывучаюць следчыя. За незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховага рэчыва распачаты крымінальныя справы.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

← Усе навіны Магілёва