каледж мастацтваў

У Магілёве навучэнцам каледжа мастацтваў расказалі пра «польскую акупацыю» – але не пра тое, што землі аддаў Ленін, а вярнуў Гітлер

У Магілёўскім каледжы мастацтваў да Дня народнага адзінства сабралі каля 120 навучэнцаў і выкладчыкаў. Гаварылі пра тое, як мастацтва захоўвае «нацыянальны код». Галоўнага пра 17 верасня ім не паведамілі: Заходнюю Беларусь аддала Польшчы Масква, і яна ж вярнула яе па змове з Гітлерам.
Спікерам быў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры Андрэй Заблоцкі. У яго выкладзе беларускія землі «апынуліся пад польскай уладай пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года».
Нібыта самі сабой, без чыіх-небудзь подпісаў. Далей ішлі закрытыя школы, суды на польскай мове, лагер у Бярозе-Картузскай і выснова: 17 верасня 1939 года стала «актам гістарычнай справядлівасці».
У Рыжскага дагавора ёсць аўтары. Яго заключылі з Польшчай РСФСР і УССР, прычым урад Леніна распісаўся «за сябе і па ўпаўнаважанні» за БССР – беларускую дэлегацыю да перамоў не дапусцілі.
Мяжу правялі так, што савецкай Беларусі засталося шэсць паветаў Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, часткі Мінскага і Слуцкага. Гэта фармулёўкі не эмігранцкіх гісторыкаў, а «Дакументальнай летапісі Беларусі» на сайце дзяржаўных архіваў.
Сам Магілёў у тую Беларусь увогуле не ўваходзіў: яго разам з губерняй забралі ў РСФСР і вярнулі толькі ў 1924 годзе.
Гэтак жа абышлі пытанне пра тое, як землі вярнуліся. 23 жніўня 1939 года, за тры з паловай тыдні да «акта справядлівасці», Молатаў і Рыбентроп падпісалі ў Маскве дагавор аб ненападзе з сакрэтным пратаколам: Германія прызнавала сферай інтарэсаў СССР тэрыторыю Польшчы на ўсход ад лініі рэк Піса, Нараў, Вісла і Сан. 1 верасня на Польшчу напаў вермахт, 17-га з усходу ўвайшла Чырвоная армія, а 22 верасня нямецкія часткі перадалі савецкім Брэст.
Беларусь двойчы дзялілі без яе ўдзелу: у 1921 годзе Масква дамовілася з Варшавай, у 1939-м – з Берлінам.
Будучым музыкантам, харэографам і мастакам, якіх заклікалі памятаць гісторыю як «фундамент для творчасці», яе паказалі без пачатку і без канца – без таго, хто аддаў, і без таго, з кім дамаўляліся, каб вярнуць.

Фота «Могилевские ведомости».

← Усе навіны Магілёва