Лукашэнка

Лукашэнка даў год на тое, каб «кардынальна змяніць» Магілёўскую вобласць: за 30 гадоў гэта яму не ўдалося

На льняным полі ААТ «Говяды-агро» ў Шклоўскім раёне Аляксандр Лукашэнка паабяцаў турму за якасць уборкі і запатрабаваў за наступны год «кардынальна змяніць» Магілёўскую вобласць.
Тэрмін у адзін год прызначаны рэгіёну, які стары не змог падняць за 32 гады ва ўладзе.
Верталёт Лукашэнкі сеў проста на поле.
«За гэта трэба ў турму саджаць», «лён вы тут загубілі» – дасталося старшыні аблвыканкама, міністру сельскай гаспадаркі і памочніку па вобласці.
Следам прагучала патрабаванне «пераводзіць вобласць на ваеннае становішча» і папярэджанне, што інакш размова «будзе апошняй».
Галоўную ацэнку Лукашэнка даў сам: калі яго рызыкнулі пасадзіць на гэта поле, то астатнія «ўвогуле ў жахлівым стане».
Шклоўскі раён – не мядзведжы кут, а вітрына вобласці: у канцы ліпеня ён ішоў першым па ўраджайнасці збожжавых – 45,2 цэнтнера з гектара пры сярэдніх па вобласці 29,4. Калі так выглядае лепшы раён, пытанне пра горшыя здымаецца.
Гэта той самы раён, які павінен быў стаць узорам.
У кастрычніку 2024 года Лукашэнка тут жа ставіў задачу зрабіць са Шклоўшчыны «міні-Беларусь» – са сваім аграсэрвісам, будаўнічай ПМК і льнонасеннай станцыяй: «У цябе для гэтага ўсё ёсць».
Праз два гады на шклоўскім полі выявіўся загублены лён.
Вінаватых прызначаў ён сам, і нядаўна. Памочніцу па вобласці Надзею Каткавец, якой цяпер абяцаны «жалезабетонны попыт», Лукашэнка паставіў 8 ліпеня – два з невялікім месяцы таму, у той жа дзень змяніўшы і старшыню Шклоўскага райвыканкама.
Дырэктара «Говяды-агро» таксама толькі што змянілі. Яшчэ ў сакавіку у самім аблвыканкаме сельскую гаспадарку вобласці называлі найгоршай у краіне – з таго часу змяніліся людзі, але не лён.
Тэрміны цяпер такія: малочны комплекс у Гавядах павінен быць «у ідэальным стане» да 7 лістапада, вобласць – змяніцца за год.
Лукашэнку 72 гады. За тры дзесяцігоддзі Магілёўшчына не выйшла з адстаючых нават у яго родным раёне, з яго людзьмі, пад яго асабістым наглядам і пры велізарных бюджэтных укладаннях.
Прычын, па якіх гэта здарыцца на трыццаць трэці год, Лукашэнка на полі не назваў. Па ўсёй бачнасці таму, што шукаць іх трэба не ў эканоміцы, а ў праблемах, выкліканых старэчым маразмам.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва