Тры легкавыя аўтамабілі сутыкнуліся на 161-м кіламетры трасы М4 Мінск – Магілёў у Бялыніцкім раёне, падрабязнасці прывёў тэлеграм-канал УУС «Міліцыя Магілёўшчыны» .
У бальніцу з траўмамі трапілі двое пасажыраў – шасцігадовае дзіця і 65-гадовы мужчына. Ланцужок пачаўся з пешахода на аўтамагістралі. Убачыўшы яго, кіроўца Peugeot знізіў хуткасць. 29-гадовая жанчына за рулём KIA, якая ехала следам, паводле папярэдніх звестак ДАІ, не вытрымала дыстанцыю і ўдарыла ззаду аўтамабіль, які прытармазіў.
Ад удару Peugeot адкінула ў левую паласу – пад Volkswagen, якім кіраваў 39-гадовы мінчанін. Пацярпелыя ехалі ў розных машынах: адзін быў пасажырам KIA, другі – Peugeot.
Абставіны здарэння высвятляюцца.
