аўтобус

У краснапольскім транспарце беларускую мову знішчылі, у асіповіцкім – не

Моўныя рэаліі ў грамадскім транспарце Краснаполля і Асіповічаў адрозніваюцца, аднак яскрава заўважна тэндэнцыя збліжэння. 

“Шыльды з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту на тэрыторыі Краснапольскага раёну, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставая інфармацыя для пасажыраў у грамадскім транспарце выкананыя на рускай мове. Інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце ажыццяўляецца на рускай мове”, – гаворыцца ў лісце дырэктара Краснапольскага філіяла Аўтапарк №11 Івана Галавача ў адказ на запыт “моўнага інспектара” Ігара Случака.

У Асіповіцкім раёне сітуацыя з беларускай мовай спачатку падаецца лепшай. Там, паводле сцвярджэння дырэктара філіяла Аўтапарк №19 Мікалая Кавалёва, расклад руху на прыпынках і назвы прыпынкаў напісаныя на беларускай мове. Таксама на беларускай мове нібыта выконваецца інфармаванне пасажыраў у грамадскім транспарце – як аб’яўленне прыпынкаў, так і падача тэкставай інфармацыі.

Аднак у наступным абзацы свайго ж ліста Кавалёў паведамляе нешта абсалютна іншае. “Паколькі кіроўцы аўтобусаў на 100% з’яўляюцца рускамоўнымі, найменні прыпыначных пунктаў у аўтобусах агучваюцца на рускай мове”, – піша дырэктар “моўнаму інспектару”.

“Пытанне для асобнага звароту – чаму ў Асіповічах бяруць на працу толькі кіроўцаў, які заяўляюць аб тым, што не ведаюць беларускую мову?” – задаецца пытаннем Ігар Случак.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва