Абед з грыбамі, сярод якіх апынуліся паганкі, стаў апошнім хатнім пачастункам для 39-гадовага жыхара Краснаполля.
Мужчына схадзіў у лес па грыбы, прыгатаваў іх і паеў удзень. Ужо да вечара звычайнае «ціхае паляванне» ператварылася ў барацьбу за жыццё. У краснапальчаніна рэзка пагоршыўся стан: пачаліся болі ў жываце, млоснасць, ваніты і дыярэя, з’явілася моцная слабасць. Хуткая дапамога даставіла яго ў раённую бальніцу, пазней пацыента перавялі ў Магілёўскую клінічную бальніцу.
Медыкі змагаліся за яго жыццё, аднак выратаваць мужчыну не ўдалося. На сёмы дзень пасля таго самага грыбнога абеду ён памёр. Дакладную прычыну смерці высвятлялі судовыя эксперты. Аказалася, што прычынай смерці сталі рэчывы, якія змяшчаюцца, у прыватнасці, у бледнай і белай паганках, галерыне аблямаванай і некаторых відах дробных грыбоў-парасонаў.
З улікам вынікаў аналізаў, сімптомаў, пашкоджанняў унутраных органаў і абставінаў атручвання эксперты прыйшлі да высновы: мужчына памёр ад вострага атручвання пасля ўжывання грыбоў. Яно прывяло да таго, што адзін за адным пераставалі нармальна працаваць жыццёва важныя органы.
Судовыя медыцынскія эксперты папярэджваюць, што атручванне грыбамі можа быць смяротна небяспечным. Паводле прыведзеных імі звестак, 80–90% выпадкаў ужывання бледнай паганкі заканчваюцца смерцю. Пры гэтым атруціцца можна не толькі ядавітымі грыбамі, але і сапсаванымі ядомымі. Таму пры першых прыкметах атручвання эксперты раяць не спрабаваць справіцца самастойна, а неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
