пераход дыяганальны

У Бабруйску ўсё больш дыяганальных пешаходных пераходаў

На бабруйскіх перакрыжаваннях ужо размечана пяць дыяганальных пешаходных пераходаў.

Дыяганальныя пешаходныя пераходы, якія нядаўна былі для Бабруйска навінкай, паступова становяцца звычайнай часткай гарадскога руху. 25 верасня разметка з’явілася яшчэ на двух перакрыжаваннях, піша komkur.info.

Адзін з новых пераходаў зрабілі на скрыжаванні праспекта Будаўнікоў і вуліцы Батава. Менавіта там раней упершыню ў горадзе цалкам раздзялілі ў часе рух аўтамабіляў і пешаходаў: пакуль людзі пераходзяць вуліцу, машыны ва ўсіх напрамках стаяць. Аднак у такой схемы выявілася нязручнасць. Каб трапіць на супрацьлеглы бок перакрыжавання звычайным шляхам, чалавеку даводзілася пераходзіць дзве праезныя часткі, і не ўсе паспявалі зрабіць гэта за адну пешаходную фазу святлафора.

Пасля таго як першы дыяганальны пераход з’явіўся ў цэнтры Бабруйска, жыхары пятага і шостага мікрараёнаў пачалі прасіць зрабіць такі ж і на Батава. ДАІ да просьбаў прыслухалася.

У той жа дзень дыяганальную разметку нанеслі і на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Сацыялістычнай. Тут таксама перад гэтым раздзялілі ў часе транспартны і пешаходны рух.

Такім чынам, цяпер у Бабруйску ўжо пяць перакрыжаванняў, якія можна пераходзіць па дыяганалі. Акрамя двух новых, такія пераходы працуюць на скрыжаваннях Пушкіна – Дзяржынскага, Савецкай – Гогаля і Савецкай – Камсамольскай.

Пры гэтым павялічваць час зялёнага сігналу для пешаходаў у ДАІ не збіраюцца. Там патлумачылі, што яго разлічылі зыходзячы з сярэдняй хуткасці чалавека 1,3 метра за секунду. Калі даць пешаходам больш часу, давядзецца скараціць фазу для аўтамабіляў, што ў гадзіны пік можа стварыць заторы на дзвюх загружаных магістралях.

Тым, хто не паспявае перасекчы ўсё скрыжаванне па дыяганалі, прапануюць карыстацца звычайнымі перпендыкулярнымі пераходамі. 

Фотаздымак: komkur.info

← Усе навіны Магілёва