пустазелле

Выхад з дэградацыі: у Краснаполлі людзей абазвалі сарнякамі і працягнулі ім руку дапамогі

Раённая газета «Чырвоны сцяг» расказала пра пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку ў Краснаполлі. Туды запрасілі людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і знаходзяцца на розных відах уліку. У першым жа абзацы іх абазвалі сарнякамі.
На пасяджэнне запрасілі 13 жыхароў райцэнтра, прыйшлі пяцёра. У спісе запрошаных – утрыманцы, «ціхія» п’яніцы, абавязаныя асобы, людзі з хранічным алкагалізмам, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак, працоўную дысцыпліну або правілы прэвентыўнага нагляду.
Кожнаму з тых, хто прыйшоў, далі слова і прапанавалі выхад «са стану дэградацыі» – садзейнічанне ў працаўладкаванні, псіхалагічную і медыцынскую дапамогу. Члены савета ўбачылі ў паводзінах некаторых, што асацыяльны лад жыцця іх цалкам задавальняе, і нагадалі сабе, што выводзіць людзей з «цемры» – справа няхуткая.
Вынік пасяджэння ў справаздачы – «канкрэтныя рашэнні», кансультацыі і рэкамендацыі ў дачыненні да кожнага. Якія рашэнні прынятыя, газета не піша. Няма ў тэксце і таго, ці пагадзіўся хто-небудзь з пяцярых на працу або лячэнне і што будзе з васьмю тымі, хто не з’явіўся.
Дапамогу ў працаўладкаванні і лячэнні тут прапануюць не сацыяльныя службы, а савет па ахове правапарадку, які працуе ў цеснай звязцы з міліцыяй.
А яе для такой працы ў краіне хапае: паводле неафіцыйных ацэнак, у Беларусі каля 1400 супрацоўнікаў МУС на 100 тысяч жыхароў пры сярэднесусветных 300. Афіцыйная лічба – 405, але ў яе ўваходзяць толькі тыя, хто заняты аховай парадку, раскрыццём злачынстваў і прафілактыкай.
Рост колькасці міліцыянераў ідзе паралельна з ростам колькасці асацыяльных асоб. 

У 2024 годзе у ЛПП накіравалі 10,9 тысячы чалавек – на 1,3 тысячы больш, чым годам раней, і ў два з паловай разы больш, чым у 2006-м.
Тлумачыцца гэта не толькі п’янствам, але і планам, даведзеным да міліцыі, і спрашчэннем працэдуры: раней для накіравання патрабавалася сем-восем прыводаў, цяпер хапае двух пратаколаў. 

А ў лютым 2026 года МУС прапанавала ставіць на прафілактычны ўлік яшчэ дзве катэгорыі грамадзян – тых, хто вярнуўся з ЛПП, і асуджаных да штрафу.
Яўка пяць з трынаццаці і ёсць галоўны вынік старанняў міліцыянераў – іх проста ігнаруюць. Мяркуючы па ўсім, у краіне вартавых правапарадку ўсё яшчэ недастаткова.

Фота краснапольскай газеты «Чырвоны сцяг».

← Усе навіны Магілёва