Начальнік бялыніцкага філіяла «Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Буры (на здымку) ў інтэрв’ю раённай газеце назваў жывёлагадоўлю адной з самых прыбытковых галін і добрай крыніцай даходу – і для буйной гаспадаркі, і для звычайнага вясковага двара. І тут жа прызнаў, што карову на прыватным падворку сёння трымаюць толькі рэдкія жыхары.
Раней у гаспадарках раёна, паводле яго слоў, былі коні, авечкі, свінні і птушка. Цяпер засталася толькі буйная рагатая жывёла, малыя фермы зніклі, усё пагалоўе сабрана на вялікіх малочна-таварных комплексах.
Сама па сабе тэндэнцыя не ўнікальная. Дробныя гаспадаркі скарачаюцца па ўсёй Еўропе: за паўтара дзясятка гадоў Еўрасаюз страціў больш за траціну ферм, і амаль усе яны былі маленькімі, але…
Там карова пераходзіць ад аднаго прыватнага гаспадара да другога – двор з парай кароў закрываецца, а суседняя сямейная ферма расце. Жывёла і зямля застаюцца ў фермераў, проста фермераў становіцца менш.
У Беларусі гэтага сярэдняга звяна няма. Карова сыходзіць з прыватнага двара не да суседа, а ў калгас.
На сельгасарганізацыі сёння прыпадае больш за 98 працэнтаў пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў краіне, а падворкі і фермеры разам дзеляць тое, што засталося.
Пры гэтым самі калгасы грошай не прыносяць. У першым паўгоддзі 2024 года без уліку дзяржпадтрымкі стратнымі былі больш за палову сельгасарганізацый краіны.
Атрымліваецца, прыбытковай галіной жывёлагадоўля выглядае толькі ў раённай газеце. Вясковы жыхар ад каровы адмаўляецца, а жывёла пераязджае ў гаспадаркі, якія без бюджэтных грошай не зводзяць канцы з канцамі.
У Еўропе ўзбуйненне робіць фермера мацнейшым, у Беларусі яно вынішчае прыватніка дашчэнту, а страты перакладае на грамадзян-падаткаплацельшчыкаў.
