Бензін

У Кіраўскім раёне з загадчыцы склада паспрабавалі спісаць грошы за зніклы бензін

У адной з сельгасарганізацый Кіраўскага райна кіраўніцтва незаконна спагнала з загадчыцы склада грошы за зніклы бензін.

Падчас інвентарызацыі на складзе гаруча-змазачных матэрыялаў выявілі недастачу. Кіраўнік прадпрыемства знайшоў простае рашэнне: выдаў загад спагнаць з загадчыцы склада больш за 3 тыс. рублёў.

Частку грошай – больш за 800 рублёў – з жанчыны паспелі ўтрымаць. Пасля гэтага яна пайшла на асабісты прыём да пракурора раёна і папрасіла разабрацца, чаму павінна са сваёй кішэні аплачваць зніклае паліва.

Пракурорская праверка паказала, што адказ на гэтае пытанне трэба было шукаць не ў кішэні загадчыцы, а ў стане тэхнікі. Высветлілася, што недастача бензіну ўзнікла з-за няспраўнасці палівазаправачнага абсталявання. Больш за тое, кіраўнік прадпрыемства сам не забяспечыў неабходных умоў для яго належнай эксплуатацыі. Такім чынам, віны работніцы ў страце паліва пракуратура не знайшла.

Загад аб спагнанні з яе больш як 3 тыс. рублёў прызналі незаконным. Пракурор унёс дырэктару прадпрыемства пратэст з патрабаваннем адмяніць дакумент і вярнуць ужо ўтрыманыя грошы. Кіраўніцтва патрабаванне выканала. Жанчына атрымала назад больш за 800 рублёў.

Фотаздымак: Генпракуратура РБ

← Усе навіны Магілёва