Кіроўцу Renault у Кіраўскім раёне спынілі інспектары ДАІ. На пытанне, ці піла яна, саракадвухгадовая мясцовая жыхарка ўпэўнена адказала «не». Агляд паказаў 3,2 праміле ў выдыханым паветры. Жанчыне выпісалі штраф у 200 базавых велічынь, дзевяць тысяч рублёў, на пяць гадоў забаранілі садзіцца за руль, а машыну адагналі на ахоўную стаянку.
Для Кіраўска спіртное ў міліцэйскіх і экспертных паведамленнях – не навіна. У жніўні ў горадзе пасля аднаго застолля ў адной кватэры памерлі двое мужчын.
Уначы пяцідзесяцігадовы гаспадар патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што яго саракапяцігадовы таварыш, з якім яны напярэдадні выпівалі, не падае прыкмет жыцця. Пасля абеду таго ж дня суседка знайшла ў гэтай кватэры мёртвым ужо самога гаспадара.
Судмедэкспертыза ў Бабруйскім міжраённым аддзеле ДКСЭ ўстанавіла ў абодвух вострае атручэнне этылавым спіртам, расказала Ірына Рачкоўская, афіцыйная прадстаўніца ведамства па Магілёўскай вобласці. У госця ў крыві знайшлі 6,6 праміле, у гаспадара – 4,5.
Судовыя эксперты ў сувязі з гэтым выпадкам нагадалі, што этылавы спірт – гэта яд. Кіроўца Renault, мяркуючы па яе адказе інспектару, з ім увогуле не знаёмая.
