сельгасакадэмія

У Горках дацэнта “адной з сельгасакадэмій” асудзілі на два з паловай гады “хіміі” за хабар

У Горках выкладчык атрымаў два гады абмежавання волі за хабар у 140 рублёў ад дзвюх студэнтак.

Студэнткі-завочніцы, 140 рублёў і экзамен, які нават не давялося здаваць, сталі падставай для крымінальнай справы супраць 45-гадовага дацэнта. Ён, як піша ў мясцовай раёнцы старшы памочнік пракурора Горацкага раёна Анастасія Фаставец, выкладаў у адной з сельскагаспадарчых ВНУ. Цяжка знайсці ў наваколлях Горак іншае такое ВНУ, акрамя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак мясцовыя пракуроры, пэўна, лічаць тых, для каго яны пішуць, людзьмі недалёкімі і не здольнымі зразумець, што гэта за “адна з сельскагаспадарчых ВНУ”.

Выкладчык меў права прымаць у студэнтаў залікі і экзамены. Гэтым правам, як устанавіў суд, ён і вырашыў скарыстацца для дадатковага заробку. Дзвюм завочніцам дацэнт прапанаваў просты спосаб атрымаць станоўчую адзнаку па сваёй дысцыпліне – па 70 рублёў з кожнай.

У дзень экзамену дзяўчаты перадалі выкладчыку заліковыя кніжкі, у якіх ляжалі грошы. Сам экзамен пры гэтым студэнткі не здавалі.

У судзе выкладчык цалкам прызнаў віну і раскаяўся. У выніку Горацкі раённы суд прысудзіў яму два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, так званую «хімію». Акрамя таго, яму прызначылі штраф у 300 базавых велічынь, або 13 500 рублёў. Яшчэ пяць гадоў экс-дацэнт не зможа займаць пасады, звязаныя з выкладчыцкай дзейнасцю і выкананнем юрыдычна значных дзеянняў. Прысуд пакуль не набыў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва